Гродзенскі драматычны тэатр выпусціў каляндар на 2018 год з фатаграфіямі аголеных актрыс. Аўтар сцвярджае, што ў календары з назвай «Прыадкрываючы заслону» хацеў адыйсці ад эратычнасці, піша С**бода.

На фота дванаццаць актрыс драматычнага тэатру без адзення, якія сядзяць у паўразвароце спінаю. Падпісаныя іх імёны і прозвішчы.

Ідэя календара і яе выкананне належала да фатографа Руслана Хілімончыка. Ён патлумачыў, што хацеў паказаць актрыс у несцэнічным ракурсе:

«Часта іх успрымаюць праз ролі і вобразы, забываючыся, што яны ў першую чаргу жанчыны. Такі незвычайны падыход гаворыць, наколькі яны прыгожыя стварэнні, прыадкрываючы тое, што схавана, на мяжы інтымнасці, таямнічасці. Дзе кожная з’яўляецца кімсьці. Гэта інтымны партрэт».

Па словах фатографа, ён рабіў гэты праект не для правакацыі ці дагаджання камусьці. Ён падкрэсліў розніцу паміж сэксуальнасцю і жаноцкасцю, кажучы, што абраў апошняе.

«Я хацеў адыйсці ад эратычнасці. Гэта дастаткова стрыманы каляндар, які не пераступае межы. Гаворка не пра сэксуальны падтэкст, а пра прыгажосць, жаноцкасць, цнатлівы погляд. Задача мастака — знайсці тую форму, дзе знікае пошласць і з’яўляецца прыўкраснае. Інакш не будзе пачуццёвасці, а будзе кубізм».

Усе ўдзельніцы, па словах аўтара, паставіліся да ідэі з цікаўнасцю і ўвагай і пагадзіліся на здымкі.

Праца над праектам заняла некалькі месяцаў.

Як паведаміў намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Дзмітры Чылік, каляндар выйшаў невялікім накладам у некалькі дзясяткаў асобнікаў. Ён прызначаны для падарункаў сябрам, партнёрам тэатру. Набыць яго нельга.