Кніга змяшчае творы аўтара за апошнія тры гады. У тэкстах Кіркевіча некаторыя чытачы змогуць пазнаць сябе ці любімыя месцы ў горадзе.
— Апавяданні гэта мазаіка сучаснага жыцця, жыцця паміж Горадняй, Менскам і Львовам. Ёсць два гістарычныя апавяданні пра Горадню 1920-х гадоў. Творы змяшчаюць розны спектр тэмаў: палітычныя падзеі, жыццёвыя сітуацыі, эмоцыі, якія перажывае чалавек — такія розныя рэчы, — кажа Алесь.
Алесь назваў кнігу так, як адно са змешчаных у ёй апавяданняў. Твор «Самурай» прысвечаны рэальнаму чалавеку, які ўдзельнічаў у Майдане і вайне на усходзе Украіны. Зараз ён сядзіць ва ўкраінскай турме. Ілюстрацыі да апавядання зрабіла мастачка Алеся Галота.
Раней творы Алеся Кіркевіча выходзілі ў «Нашай ніве» і ў літаратурных зборніках. Пад адной вокладкай творы сабралі ўпершыню.
«Ёсць выраз: газета жыве адзін дзень. Тое, што з’яўляецца ў газеце, у інтэрнэце, знікае. Але гэта сабрана ў кнізе, таму ёсць шанец, што яно захаваецца», — кажа Алесь.
Прэзентацыі ў Мінску і Гродне адбудуцца ў канцы лютага ці пачатку сакавіка. Кнігу можна набыць у краме «Цудоўня «, у кнігарнях сеткі «Белкніга» і ў мінскіх кнігарнях.
Алесь Кіркевіч. Нарадзіўся ў 1989 у Гродне. Быў адным з лідараў «Маладога фронту». Пасля выбараў 2010 году асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Памілаваны ў верасні 2011. Пэўны час жыў ва Украіне. Працуе журналістам фрылансерам з 2012 году, супрацоўнічаў з рэгіянальнымі і рэспубліканскімі медыямі, у тым ліку з гродзенскім «Тваім стылем» (сёння — Hrodna.life).