Гродзенец Артур Басак распрацоўвае праект, які дасць магчымасць кожнаму параўнаць сучасны Гродна з тым, якім ён быў у мінулым. Асноўная фішка — выкарыстанне віртуальнай рэальнасці.

У планах Артура дадаць максімальную колькасць гродзенскіх месцаў, дзе карыстальнік мог бы пагрузіцца ў мінулае з дапамогай старых фота.

«Сёння ўласна праекта яшчэ няма, але ёсць прататып, — распавядае Артур. — Гэта больш для сваіх, каб прыцягнуць да распрацоўкі ўвагу. Сферычныя фота ўзялі з Google Maps, а тэкст з Вікіпедыі. Але хочацца абзавесціся сваім кантэнтам, ёсць жаданне вырасці на працягу года ў сапраўдны праект. Думак шмат: можна, напрыклад, у інфармацыйную панэль дадаваць 3D-мадэлі ўжо неіснуючых будынкаў».

Праграміст хоча стварыць некамерцыйны праект з адкрытым зыходным кодам. Калі вам цікава, паглядзіце дэмаверсію.