13 гадоў запар гродзенскі рок-байк фестываль «Хавайся ў бульбу» праводзілі ў красавіку і менавіта ім адкрывалі сезон байкеры Беларусі. Аднак у апошнія гады фестываль падводзіць надвор’е, таму арганізатары перанеслі мерапрыемства на лета, піша autogrodno.by.

— Мы пастаянна назіраем, як надвор’е ў Беларусі ссоўваецца. Калі раней красавік быў сонечным і цёплым месяцам, то апошнія два гады ў першыя тыдні красавіка яшчэ ляжыць снег, — пракаментаваў сітуацыю адзін з арганізатараў «Хавайся ў бульбу» Аляксандр Варган.

Сёлета фестываль пройдзе 8−10 чэрвеня, страціўшы статус першага ў сезоне байк-фестывалю.

— Раней Гродзенская вобласць адкрывала і закрывала сезон, а цяпер будзе толькі закрываць. Але перанос у лета дае новыя магчымасці фестывалю. Па-першае, чакаем больш гасцей. У апошнія гады байкеры не ехалі з-за халоднага надвор’я, ды і матацыклетная гума не прызначаная для паездак па снезе. Па-другое, з-за холаду мы не маглі правесці многія конкурсы, шоу-праграму не ўдавалася рэалізаваць у поўным аб’ёме.

Зараз не атрымаецца праводзіць «Хавайся ў бульбу» на тэрыторыях дзіцячых лагераў і санаторыяў, таму арганізатары шукаюць іншыя пляцоўкі. Тры варыянты ў межах Гродне ўжо ёсць. У бліжэйшы час зробяць канчатковы выбар.

Па словах Аляксандра, важна, каб прыехала шмат ахвотных з горада, каб былі зручныя аўтобусныя маршруты, вялікія паркоўкі побач.

Магчымыя накладкі з невялікімі мясцовымі мерапрыемствамі матацыклістаў, але з буйнымі фестывалямі накладак няма. Абласныя фестывалі пройдуць за два тыдні да Гродзенскага фэсту і працягнуцца праз два тыдні пасля яго.