«Гродна Азот» пабудуе новы азотны комплекс, які пачне працаваць да канца 2024 года, піша «Веснік Белнафтахіма». Праект каштуе каля 1,3 млрд даляраў без уліку ПДВ.
«Ужо дамовіліся аб прадастаўленні льготнай кітайскай крэдытнай лініі. Добрая прапанова паступіла нам і ад аднаго з еўрапейскіх банкаў. Гатовы пасадзейнічаць і Беларусбанк. „Дарожная карта“ фінансавання праекта прапрацавана. Пасля выбару генеральнага падрадчыка будаўніцтва яна будзе дэталізавана», — распавёў Ігар Бабыр, генеральны дырэктар «Гродна Азота».
Гадавыя магутнасці азотнага комплексу складуць па вытворчасці аміяку — 875 тыс. тон; карбаміду — 1225 тыс. тон і вадароду — 200 млн м3. Паводле папярэдніх ацэнак, завод акупіцца за 10 гадоў з моманту пуску.
[irp posts="16 672″ name="Лукашенко во время визита на Гродненщину приказал подумать, стоит ли строить в Гродно еще одно азотное производство"]
Генпадрадчыка выберуць у гэтым годзе з дапамогай конкурсу сярод кітайскіх кампаній.
«Наша абавязковая ўмова генпадрадчыку: пры ўзвядзенні азотнага комплексу павінны быць выкарыстаны самыя сучасныя і якасныя тэхналогіі і абсталяванне еўрапейскіх або японскіх вытворцаў, што дазволіць нам выпускаць прадукцыю высокай якасці. Мы настроены на тое, каб зрабіць таннейшым праект. Але не за кошт якасці, а шляхам пошукі дадатковых рэзерваў» — сказаў Ігар Бабыр.
Што дасць будаўніцтва новага завода?
Паводле слоў дырэктара, будаўніцтва новага азотнага комплексу ў Беларусі зробіць прадукцыю «Гродна Азота» больш канкурэнтаздольнай, дапаможа прадпрыемству падвоіць магутнасці па выпуску карбаміду і значна нарасціць экспарт, дазволіць стварыць экалагічна чыстую вытворчасць, якая дае значна меншую колькасць адходаў і выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу.
«Інавацыйная вытворчасць будзе і больш энергаэфектыўнай: амаль на 20% знізіцца ўдзельнае энергаспажыванне, прыкладна на 15% - расход газу. На новым азотным комплексе вытворчасць аміяку, які з’яўляецца зыходнай сыравінай для азотнай прамысловасці, будзе значна танней, што дасць магчымасць штогод эканоміць дзесяткі мільёнаў даляраў» — кажа дырэктар.
Акрамя павышэння эфектыўнасці будаўніцтва новага комплексу надасць прадпрыемству вялікую эканамічную ўстойлівасць: «Гродна Азот» стане больш канкурэнтаздольным на рынку пры цэнавых ваганнях. У перыяды пасяўных кампаній унутраны рынак спажывае практычна 100% угнаенняў, якія вырабляюцца «Гродна Азотам». На сусветных рынках у гэты час самыя высокія цэны на ўгнаенні.
Узвядзенне азотнага комплексу дазволіць адначасова задавальняць унутраны рынак і мець маржу з высокіх экспартных цэн. У выніку Беларусь зможа штогод дадаткова зарабляць сотні мільёнаў даляраў.
А што са старым азотным комплексам?
Стары азотны комплекс дэмантаваць не будуць. Тэрмін яго службы працягнулі, уклаўшы сур’ёзныя сродкі ў мадэрнізацыю. Мяркуюць, што ён па-ранейшаму будзе прыносіць прыбытак. «Калі 2016 год завод скончыў з мінусам, то мінулы — з прыбыткам. Пры гэтым прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі склаў каля 113 млн рублёў», — дадаў Ігар Бабыр.
Як паведамлялася, раней урад Беларусі шукаў інвестара ў «Гродна Азот» і прапаноўваў купіць долю ў прадпрыемстве расейскім «Газпрому», «Раснафты» і «ЕўраХіму». Пакет прадпрыемства ў памеры 25% плюс адна акцыя выстаўляўся на прыватызацыю ў маі 2014 года па стартавым кошце $ 414 млн, аднак конкурс не адбыўся з-за адсутнасці заявак. Інвестар павінен быў прафінансаваць праект па будаўніцтве новага азотнага комплексу.
ААТ «Гродна Азот» займаецца вытворчасцю азотных мінеральных угнаеннях, аміяку, капралактаму, метанолу і іншай прадукцыі. Дзяржаве належаць 99,97% акцый таварыства, яны знаходзяцца ў аператыўным кіраванні «Белнафтахіма».