Яшчэ на пачатку снежня мінулага года ўвечары 9-гадовы хлопчык пайшоў з бацькам на малочна-таварную ферму, якая знаходзіцца ў Зэльвенскім раёне. У нейкі час ён застаўся ў памяшканні без дарослых, аступіўся і ўпаў. У выніку нага хлопчыка трапіла ў стужку транспарцёра выдалення гною і апынулася заціснутай паваротнай зорачкай, піша сайт Следчага камітэта.
Дзіця хутка даставілі спачатку ў раённую бальніцу, а пасля ў абласную, аднак ускладненні, якія пачалі развівацца, і пагроза жыццю абумовілі неабходнасць ампутацыі нагі. Цялесныя пашкоджанні, якія атрымаў хлопчык, вызначылі як цяжкія.
Зараз хлопчыка выпісалі са шпіталю.
У выніку Зэльвенскі райаддзел Следчага камітэта прыняў рашэнне ўзбудзіць крымінальную справу ў адносінах да 52-гадовай загадчыцы фермы па факце службовай халатнасці, якая па неасцярожнасці мела вынікам цяжкія наступствы. Яна дапусціла чужых людзей на ферму, не былі прынятыя меры па абсталяванні транспарцёра абарончым кажухом.
Следчыя таксама кваліфікуюць дзеянні бацькі хлопчыка.