Цягам трох дзесяцігоддзяў Мікола Таранда фіксуе на фота культурнае і палітычнае жыццё гарадзенцаў, піша gazetaby.com.
19 студзеня Мінску адчынілася выстава фатографа Пятра Таранды, якая складаецца з унікальных здымкаў беларускай правінцыі 1950−1960-х гадоў. Фота да шырокай публікі данёс пляменнік фатографа з Гродна Мікола Таранда, які таксама можа пахваліцца вялікім архівам здымкаў.
Апошнія тры дзесяцігоддзі ён узначальвае гісторыка-культурнае грамадскае аб’яднанне «Паходня» — найстарэйшую дэмакратычную арганізацыю Гродна. Магчыма, ягоныя фота саступаюць у якасці і мастацкасці дзядзькавым здымкам, але іх гістарычная вартасць не падлягае сумневам.
Цягам трох дзесяцігоддзяў Мікола Таранда фіксуе на фота культурнае і палітычнае жыццё Гродна і яго жыхароў. Літаратурныя сустрэчы, мастацкія плэнеры, палітычныя кангрэсы і выбарчыя кампаніі і замежныя вандроўкі. Мясцовыя літаратары і палітыкі, а таксама госці з Мінска ды іншых гарадоў Беларусі.
Адзін з раздзелаў архіву кіраўнік «Паходні» назваў «Альбом, дзе амаль кожны сябе можа пабачыць, 1997−2003». І гэта праўда. Кожны, хто хоць у паўсілы ўдзельнічаў у грамадскім жыцці Гродна ў азначаны перыяд, можа адшукаць сябе на здымках Міколы Таранды.
[irp posts="21 838″ name=""Маю 18 і ў дадатак — 42 гады досведу". У Гродне адзначылі юбілей Мікалая Таранды"]
Многіх герояў здымкаў ужо няма ў жывых: паэты Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін і Юрка Гумянюк, палітыкі Міхась Ткачоў, Валеры Фралоў і Міхаіл Марыніч, а. Аляксандр Надсан, журналіст Вітаўт Мартыненка ды інш.
Пабачыць унікальны фотаархіў Гродна можна на старонцы Міколы Таранды ў Фэйсбуку (1980−1990-я,1997−2003-я,"Паходня", 2018).