Доля індывідуальных прадпрымальнікаў у рознічным гандлі Гродзеншчыны знізілася на 30,6% за пяць гадоў ад 2011 да 2016. Рэгіён страціў працоўныя месцы, а людзі – магчымасць самастойна зарабляць. Як “выруліць” з цяжкай сітуацыі і што патрэбна прадпрымальнікам, абмеркавалі 29 студзеня на сустрэчы з кіраўніком грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Анатолем Шумчанкам і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай.
Высокія чыноўнікі лічаць, што індывідуальныя прадпрымальнікі ў рознічным гандлі – з’ява састарэлая і неперспектыўная. А прэзідэнт кажа, што чакае нагоды “паціснуць руку апошняму іпэшніку”. Калі тэндэнцыя на выцісканне індывідуальных прадпрымальнікаў з эканомікі захаваецца, то гэта можа адбыцца ўжо ў 2020 годзе. А на Гродзеншчыне нават на год раней.

У такіх умовах натуральна, што паступленні ў рэспубліканскі бюджэт ад іпэшнікаў гандлю знізіліся па краіне на 35% ад 2014 да 2016. Бюджэт не атрымаў каля 100 млн долараў штогод, а краіна страціла больш за 26 000 працоўных месцаў. Каб стварыць іх нанова патрэбны затраты на кожнае як мінімум 4 000 долараў.
Большасць прадпрымальнікаў у сферы рознічнага гандлю сёння – гэта жанчыны старэйшыя за 40 гадоў. Большая частка іпэшнікаў выйшлі на рынак “бо вымусілі абставіны”. Ці змогуць яны зараз знайсці сабе месца на рынку працы – пытанне яшчэ тое.

Вырашыць праблему, паводле прадпрымальнікаў, магчыма толькі праз дыялог з уладамі на самым высокім узроўні. Анатоль Шумчанка прапанаваў гродзенцам падтрымаць падрыхтаваны “Перспектывай” “Народны праект” спрашчэння падаткаабкладання і паляпшэння ўмоваў дзейнасці прадпрымальнікаў. Ганна Канапацкая паабяцала дапамагчы разабрацца з пытаннямі гродзенцаў і ініцыяваць іх разгляд у Палаце прадстаўнікоў.


