ІП масава атрымліваюць лісты ад падатковай: што ад іх патрабуюць і колькі цяпер каштуе працаваць легальна

guscom.by

У канцы чэрвеня індывідуальныя прадпрымальнікі сталі атрымліваць лісты з падатковай. Ім нагадваюць аб хуткай неабходнасці абсталяваць касавыя апараты СКПО. Што гэта такое, навошта трэба і колькі ў месяц іпэшнік павінен траціць на ўтрыманне бізнесу?

Што такое СКПО?

СКПО – сродак кантролю падатковых органаў – прылада, якая адпраўляе дадзеныя аб дзеяннях з касавым абсталяваннем у падатковую ў рэжыме рэальнага часу.

Першымі, хто павінен быў абсталяваць касы такім гаджэтам, сталі юрыдычныя асобы. У гарадах абласнога падпарадкавання і Мінску юрыдычныя асобы маглі працаваць без СКПО да 1 мая 2019.

ІП, зарэгістраваныя ў Гродне, маюць права працаваць без гэтага абсталявання да 1 лістапада 2019. Але заключыць дагавор на ўстаноўку і абслугоўванне СКПО яны павінны ўжо да 1 верасня.

Да некаторых старых касавых апаратаў СКПО не падключыць – іх уладальнікі павінны будуць проста купіць новыя касы, то бок выдаткі павялічацца.

Колькі каштуе СКПО

Абсталяванне прадпрымальнікам купляць не давядзецца. Трэба толькі ўнесці закладную суму – 130 рублёў. Штомесяц за абслугоўванне трэба будзе плаціць яшчэ 7 рублёў.

Гэта толькі малая доля таго, што большасць іпэшнікаў павінны выдаваць толькі на тое, каб законна ажыццяўляць сваю дзейнасць.

Каса, тэрмінал, рахунак у банку – якія яшчэ выдаткі ў ІП

Самы танны касавы апарат каштуе 236 рублёў. Яго штомесячнае абслугоўванне каштуе крыху больш за 10 рублёў. Абавязковыя адлічэнні ў ФСАН – 115,5 рублёў у месяц (35% ад мінімальнага заробку).

Абслугоўванне рахунка ў банку абыходзіцца прыкладна ў 20 рублёў у месяц.

Тэрмінал для разліку карткай каштуе ад 300 рублёў. Абслугоўванне ад 15 рублёў у месяц.

Вынік

Кожны прадпрымальнік, чыя дзейнасць прадугледжвае абавязковую наяўнасць касавага апарата, а разам з ім тэрмінала для разліку карткай і СКПО, штомесяц толькі для законнай працы павінен выдаваць без малога 200 рублёў.

ІП масава атрымліваюць лісты ад падатковай: што ад іх патрабуюць і колькі цяпер каштуе працаваць легальна
Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: