Гродзенскі шклозавод адзінае ў горадзе прадпрыемства, якое перарабляе адкіды шкла. У намінацыі сацыяльна адказны брэнд («абарона навакольнага асяроддзя») прадпрыемства назвалі «Брэндам года-2017». Анастасія Антановіч, мэнэджарка па камунікацыям завода, патлумачыла, за што атрымалі ўзнагароду.

Завод вырабляе экалагічна чыстую і бяспечную тару — шкляную. Каб зменшыць выдаткі вытворчасці, на прадпрыемстве павялічваюць выкарыстанне адкідаў шкла. Гэтак, у мінулым годзе гродзенскі шклозавод павялічыў долю шклабою ў сыравіне на 64% у параўнанні з мінулым годам. У выніку агульная колькасць адкідаў шкла ў сыравіне складае 12 тысяч тон.

[irp posts="29 883″ name="Гісторыя, празрыстая як шкло. 10 фактаў пра Гродзенскі шклозавод, якіх вы не ведалі"]

Анастасія прыводзіць наступную статыстыку: на кожныя 10% выкарыстанага шклабою эканоміцца 3% прыроднага газу і на 7% змяншаюцца выкіды СО2.

Павялічыўшы долю адкідаў шкла, завод змог сэканоміць прыродныя рэсурсы: 1137 тон пяску, 299 тон соды, 246 тон вапняку, 811 палявога шпату і 757 тон друзу. А шкло можна паўторна выкарыстоўваць бясконца без страты якасці.

Гэтаксама ў выніку ўтылізацыі цяпла выходзячых газаў шкловарных печаў завод змог перайсці на самазабеспячэнне цеплавой энергіяй.

[irp posts="44 786″ name="Эксклюзіўныя шкляныя сабачкі розных парод: як выдуваюць падарункі на шклозаводзе (фота)"]