Учора рэсурс marketing.by напісаў пра тое, што гандлёвая сетка «Гиппо» набывае «Белмаркет». Такую ж інфармацыю са спасылкай на неназваных супрацоўнікаў гандлёвых сетак атрымаў Onliner.by — гэтым у тым ліку тлумачацца скідкі да 50% ў «Белмаркеце».

CityDog.by звярнуўся па каментары да прадстаўнікоў рытэйлераў. Вольга Жагунь з аддзела маркетынга і рэкламы ІУП «БелВиллесден» (брэнд «Гиппо») адказала, што сёння ў кампаніі няма афіцыйнага адказу на гэтае пытанне. Намеснік дырэктара па сувязях з грамадскасцю «Белмаркет» Віталь Рунцо таксама не адказаў ні «так», ні «не». Аднак адзначыў, што актуальны распродаж у гандлёвай сетцы не звязаны з ліквідацыяй крамаў, а з’яўляецца звычайным маркетынгавым ходам.

Гіпермаркет «Гиппо» адкрыўся ў Гродне ўвосень 2015 года ў будынку гандлёвага цэнтра Old City. У маі 2016-га гіпермаркет закрылі, а на яго месца прыйшла крама сеткі «Еўраопт». Галоўнай прычынай спынення дзейнасці ў Гродне называлі нерэнтабельнасць.