Прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх арганізацый Гародні адправілі калектыўны зварот да гарадскіх уладаў з прапановай адзначыць 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі разам, піша «Радыё Рацыя».

Пра зварот распавядае Вадзім Саранчукоў — кіраўнік гарадзенскай арганізацыі партыі БНФ:

— 14 арганізацый падпісаліся пад зваротам у гарадскі выканаўчы камітэт з прапановамі далучыцца да працы аргкамітэта па святкаванні стагоддзя 25 сакавіка. Перш за ўсё, мы спрабуем выйсці на святочны фармат гэтай падзеі, каб не было ніякай канфрантацыі і недарэчнасцяў. Сумесна хочам адзначыць вялікую дату — стагоддзе ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Згодна з заканадаўствам, рашэннем гарсавета, для таго, каб гэтыя мерапрыемствы прайшлі на пэўным узроўні, на высокім узроўні, у працы аргкамітэта і арганізацыі гэтых мерапрыемстваў павінны браць удзел прадстаўнікі гарадской адміністрацыі.

У Гародні святкаванні ўгодкаў БНР адбываліся ў розныя гады па-рознаму. 10 гадоў таму гарадскія ўлады нават дазволі правесці мерапрыемства ў вялікай зале палаца «Юнацтва». У гэтым годзе прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці Гародні плануюць правесці таксама цэлы шэраг мерапрыемстваў.