Чорны і зялёны чай, кашы і пюрэ хуткага прыгатавання валанцёры «Чырвонага крыжа» пачалі раздаваць каля гродзенскага аўтавакзала зранку панядзелка, 22 студзеня. У іх чырвонай палатцы можна таксама сагрэцца.
Атрымаць кубак гарачага чаю або порцыю ежы можа кожны, хто папросіць. За паўдні ў палатку завітала болей за 50 чалавек.
Трэніроўка перад маразамі
— Гэта трэніроўка перад вялікімі маразамі. Звычайна мы выходзім, калі ўжо халадней за -20 градусаў. А цяпер бачым, што такога пакуль няма. Сёлета будзем саграваць людзей пры марозе ў 12−15 градусаў, — кажа рэгіянальны каардынатар па першай дапамозе і рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага крыжа Валер Краеўскі.У маразы будуць уключаць абагравальнік у палатцы, каб тыя, хто змерз на вуліцы або прыпынку, маглі зайсці і сагрэцца. Дарэчы, са свежым кіпнем дапамагаюць супрацоўнікі аўтавакзала.
Валанцёры дзяжураць з 10:00 да 16:00.Падобныя акцыі стала ладзяцца з 2012 года.
Акрамя таго, упершыню сёлета Чырвоны крыж плануе закупіць паліва для печак для чатырох прыватных дамоў у Гродзенскім раёне, гаспадары якіх маюць невялікі дастатак.