У Гродзенскай вобласці ў 2017 годзе з незаконнага абароту канфіскавалі каля 175 кг насення маку, піша БЕЛТА .
«Дастаткова эфектыўна ў 2017 годзе правялі спецыяльную праграму „Мак“ па канфіскацыі насення маку, папулярнага сярод опіумных наркаманаў. Склалі 53 адміністрацыйныя пратаколы, канфіскавалі 174,6 кг насення і закрылі 16 спецыялізаваных інтэрнэт-крам», — расказаў Сяргей Ланкевіч, начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Гродзенскай вобласці.
Паводле яго слоў, у 2017 годзе зарэгістравалі 12 фактаў перадазіроўкі, што амаль у 3 разы менш, чым у 2016 годзе. Не было адзначана фактаў перадазіроўкі сярод непаўналетніх.
За 2017 год праваахоўныя органы спынілі 6 каналаў кантрабанднага ўвозу наркотыкаў, пераважна транзітнага перамяшчэння праз Беларусь буйных партый гашышу з Заходняй Еўропы ў Расію. Але псіхатропныя рэчывы паступаюць у Беларусь не толькі з-за мяжы. У канцы мінулага года ўзбудзілі крымінальную справу ў дачыненні да жыхароў Зэльвы, якія з 2014 года ў прыватным доме вырабілі больш за паўкілаграма амфетаміну, выкарыстоўваючы лабараторны посуд.