Запанавалае марознае надвор’е павялічыла аматарам актыўнага зімовага адпачынку шанцы пракаціцца па схілах парку актыўнага адпачынку на лыжах і сноўбордах. Заснежванне «Алімпа» пачалося сёння ранкам. Найперш снег з’явіцца на навучальным схіле трасы для лыжнікаў, піша «Гродзенская праўда».
— З улікам тэмпературнага рэжыму снегавыя гарматы не змогуць працаваць на працягу ўсяго дня. Гаворка ідзе ўсяго пра некалькі гадзін, але бліжэй да ночы яны зноў запрацуюць, — распавёў дырэктар цэнтральнага спартыўнага комплексу «Нёман» Віктар Шумель.
Калі схілы «Алімпа» змогуць прыняць першых наведвальнікаў, гаварыць пакуль рана. Калі б дзённая тэмпература трымалася на ўзроўні дзесяці градусаў марозу, на іх падрыхтоўку спатрэбілася б не больш за чатыры дні. Але прагноз надвор’я на бліжэйшыя дні не цешыць значным тэмпературным мінусам.
— Заснежванне будзе весціся ў асноўным ноччу, і плануем пачаць працу парка да дваццатых чыслаў студзеня, — удакладніў Віктар Шумель.
У парку актыўнага адпачынку да сустрэчы наведвальнікаў гатовыя ўжо даўно. Тут абнавілі і адрамантавалі існуючы інвентар, набылі больш за трыццаць «ватрушак». Як і годам раней, будзе працаваць пасуткава камера захоўвання для інвентара. Дадатковай выгодай для наведвальнікаў можа стаць цёплая закрытая альтанка.
[irp posts="42 547″ name="Менш начных катанняў і асобны схіл для санак: што зменіцца ў «Каробчыцкім Алімпе» ў гэтым сезоне"]
У мінулым годзе першых наведвальнікаў парк актыўнага адпачынку прыняў 9 студзеня. Каб арганізаваць працу трох схілаў - аматарскага, навучальнага і цюбінгавага, у снег было пераўтворана каля 8,5 тысяч кубаметраў вады. На працягу сезона актыўнага зімовага адпачынку атрымалі задавальненне ад слізгання па схілах «Алімпа» больш за дзесяць тысяч чалавек.
На гэты раз несуцяшальныя для лыжнікаў і сноўбардыстаў прагнозы значна адклалі адкрыццё парку, але хочацца верыць, што ў гродзенцаў з’явіцца магчымасць убачыць сапраўды снежную зіму і адчуць радасць актыўнага зімовага адпачынку.