Тыя, хто стаяць на чарзе за жыллём, могуць скарыстацца дзяржпадтрымкай па Указе № 240 і набыць кватэру ў новабудоўлі Скідзеля, піша газета «Перспектыва».

112-кватэрны сяміпавярховы дом, які яшчэ будуецца, размешчаны ў квартале новай перспектыўнай забудовы па вул. Партызанскай у Скідзелі. Яго здача запланавана на снежань 2018 года. Кватэры будуць здавацца з аздабленнем за выключэннем шпалер і ламінату. Большая частка з іх ужо размеркавана. Сярод будучых навасёлаў не толькі скідзельчане, але і жыхары іншых населеных пунктаў Гродзенскага раёна, расказвае начальнік аддзела ЖКГ Гродзенскага райвыканкама Павел Іадкоўскі. Яшчэ маюцца свабодныя двух-і трохпакаёвыя кватэры плошчай 55,5 і 79 кв.м. адпаведна. Квадратны метр каштуе 767 рублёў. Пры першапачатковай раскладцы кошт быў вышэйшым — 792 рублі.

Набыць кватэру ў новабудоўлі могуць не толькі чаргавікі, якія пражываюць у Гродзенскім раёне, але і любы жадаючы. Проста тыя, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, могуць скарыстацца дзяржпадтрымкай, прадугледжанай Указам № 240 «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў». Тым, хто не мае патрэбы, прыйдзецца цалкам аплачваць за свае грошы.

Месцазнаходжанне новабудоўлі выгаднае. Побач ужо ўзведзены шматкватэрныя дамы, праведзена добраўпарадкаванне, непадалёк — школа, сад, крамы, аптэка.

У Гродне на сёння самыя танныя кватэры ў новабудах «Гроднажылбуд» прапануе ў мікрараёне «Паўднёвы-3» і па вул. Агінскага — 955 рублёў за квадратны метр.

Нагадаем, Указам № 240 у Беларусі ўведзена адраснае субсідаванне пры будаўніцтве жылля. Тыя, хто прэтэндуе на дзяржпадтрымку, могуць браць крэдыты ў банках па камерцыйных стаўках, дзяржава выдзяляе субсідыі на пагашэнне часткі працэнтаў па такіх крэдытах, а ў асобных выпадках — і на пагашэнне часткі асноўнага доўгу.