Плануецца, што ўжо з 22 студзеня футбалісты “Нёмана” пачнуць праходзіць медагляд, а ўжо пасля пачнуць трэніравацца. Верагодней за ўсё, уся перадсезонная падрыхтоўка ў каманды Ігара Кавалевiча пройдзе ў Гродне.
Пакуль вядома, што «Нёман» правядзе першы збор менавiта ў Гродне. Для падрыхтоўкі футбалістаў да сезону тут створаны ўсе ўмовы. Яшчэ ў пачатку мінулага года быў адкрыты футбольны манеж, дзе можна займацца круглы год. Таксама ў канцы 2017 года ў Каложскім парку было адкрыта поле са штучным газонам, дзе таксама могуць трэніравацца гродзенскія футбалісты.
Ужо вядома, што да “Нёмана” на першы збор прыедуць дзве каманды з бліжэйшых краін: літоўскі “Тракай” (Д1) i польскi клуб “Вігры”(Д2) з Сувалак. Матчы пройдуць у футбольным манежы.
Што да складу “Нёмана”, то за перыяд адпачынку сур’ёзных зменаў ён пакуль не пацярпеў. Адзіныя страты – пераход капітана Паўла Савіцкага ў “Дынама-Брэст” і завяршэнне кар’еры футбаліста ў Дзмітрыя Кавалёнка.
Яшчэ раней старшыня “Нёмана” Іван Варсовiч распавядаў, што галоўнае для каманды – захаваць склад практычна без змен. Таксама варта адзначыць, што ў Гродна вярнулася шмат маладых футбалістаў, якія былі аддадзены ў мінулым сезоне ў арэнду. Камусьцi з гэтых гульцоў, напэўна, Кавалевіч дасць шанец сябе праявіць у “Нёмане”. Ну і традыцыйна гродзенская каманда будзе запрашаць на прагляд новых гульцоў, вось толькі якіх, пакуль яшчэ невядома.


