Другі па велічыні горад у Гродзенскай вобласці наўрад ці быў бы такім, калі б у пачатку XIV стагоддзя князь Гедымін не пабудаваў тут славуты замак. У 2010 годзе бульвар Чапаева, які цягнецца ад аўтавакзала да замка, перайменавалі ў гонар князя — заснавальніка Ліды, а зараз лідскія мастакі паставілі лагічную кропку ў працэсе — на будынку мастацкай галерэі, што па Гедыміна 12 — з’явіўся мурал з партрэтам князя, піша budzma.by.
Гэтая галерэя адкрылася у 2016-м. У яе гаспадара Паўла Мацылевіча адразу ўзнікла ідэя пра графіці ў дворыку, балазе ў горадзе жыве мастак Сяргей Русак, які раней ужо ўпрыгожваў сцены ў Лідзе і ў Мінску. Аднак спатрэбілася яшчэ трохі часу, каб зоркі сышліся і задуманае ператварылася ў рэалізаванае.
У пачатку мінулага года кампанія «Будзьма беларусамі!» упершыню прыехала ў Ліду з кірмашом праектаў. Адну з прэзентацый рабіў Сяргей Русак, які прапаноўваў свае рукі і талент, каб напоўніць гарадскую прастору мураламі.
-Тады гэта справакавала ажыццявіць ідэю, бо мы ўжо хацелі адкласці ўсё яшчэ на год. Сяргей падагнаў гэтую справу, і так мы дамовіліся зрабіць мурал з Гедымінам, — расказвае Павал Мацылевіч.
Акрамя партрэта вялікага князя мастак і галерыст разглядалі яшчэ эскіз з абстракцыяй, але паколькі прастора знаходзіцца на бульвары Гедыміна, спыніліся на гістарычным сюжэце.
-Я старанна шукаў партрэты Гедыміна. Былі патрэбныя малюнкі, дзе рысы твару перададзеныя больш якасна за карцінкі ў Вікіпедыі. Эскіз я зрабіў па сучасных літоўскіх манетах, — расказвае Сяргей.
Павал гаворыць, што ўладальнік памяшкання ўспрыняў ідэю мурала вельмі прыязна. Неўзабаве гаспадар галерэі плануе задзейнічаць увесь дворык. У праекта ўжо і назва ёсць: арт-дворык «ZADVORAK».
— Так што сёння «ціхая» прэзентацыя. Калі стане цёпла, зробім прэзентацыю ў дворыку, — кажа Павал. - Хтосьці ўбачыў у мурале адбітак пальца, хтосьці — зрэз дрэва, хтосьці — усёбачнае вока. Атрымалася вельмі прышпільна. Я ўпэўнены, што гэта пачатак гісторыі.