Гродзенскі “Нёман” апошні матч 2017 году праводзіў 28 снежня ў Салігорску, дзе сустракаўся з мясцовым “Шахцёрам”. Гульню каманда Сяргея Пушкова прайграла. Ужо традыцыйна – у серыі булітаў.
На працягу амаль усёй гульні “Нёман” вёў у лiку, але за 56 секунд да канца асноўнага часу каманда Пушкова дала суперніку зраўняць і перавесці гульню ў авертайм. У дадатковы час супернікі выявіць мацнейшага не змаглі, а ў серыі булітаў, не здолеўшы трапіць у вароты “Шахцёра”, гродзенская каманда ў чарговы раз прайграла.
“Шахцёр” – “Нёман” 3:2 (бул.) (0:0, 0:1, 2:1, 0:0, 1:0)
Галы:
20.36 0:1 – Кіслы (Баярчук, Дзярлюк, – бол.)
48.23 1:1 – Бакун
48.45 1:2 – Лісічкін (Дзярлюк, Жыдкіх)
59.04 2:2 – Бакун (Белухiн, Андрушчанка)
65.00 3:2 – Камбовіч (вырашальны кідок)
Пасля 14-матчавай пераможнай серыі ў чэмпіянаце, якую спыніў “Шахцёр” 23 снежня, каманда Сяргея Пушкова прайграе ўжо тры матчы запар, а калі лічыць з фіналам Кубка, то чатыры.
У 2018 год “Нёман” уваходзіць на трэцяй пазіцыі ў турнірнай табліцы і мае 63 ачкі. На другім месцы “Шахцёр” – 68, а на першым “Юнацтва” – 71. Найбліжэйшы пераследнік гродзенцаў “Гомель” – 60 ачкоў.
Першы матч у новым годзе гродзенцы правядуць 11 студзеня ў Маладзечне, дзе сустрэнуцца з мясцовым “Дынама”.


