У Гродне 23 снежня прайшоў чарговы матч чэмпіянату Беларусі па хакеі. Каманда Сяргея Пушкова прымала аднаго з лідараў першынства салігорскі “Шахцёр”. На працягу двух перыядаў гродзенцы валодалі перавагай, але ў апошняй дваццаціхвілінцы збавілі абароты і прапусцілі 2 шайбы, што ў выніку абярнулася паразай ад салігорскай каманды з лікам 2:3.
Пасля прайгранага “Нёманам” у Гродне фіналу Кубка Салея, на матч з “Шахцёр” у рамках чэмпіянату прыйшло ў разы менш людзей, чым на апошнюю гульню. І гэта нягледзячы на тое, што прыехаў адзін з лідараў чэмпіянату. Каб зноў вярнуць заўзятараў на трыбуны “Нёману” любой цаной трэба было перамагаць “Шахцёр”.
У першым і другім перыядах у гродзенцаў ўсё ішло паводле плану і “Нёман” валодаў перавагай, больш біў і перад другім перапынкам вёў у лiку 2:1. Але ў трэцім перыядзе ў гаспадароў пачаліся праблемы, асабліва за 10 хвілін да канца асноўнага часу. Спачатку госці зраўнялі лiк, а пасля і выйшлі наперад. “Шахцёру” заставалася толькі ўтрымаць перавагу да фінальнага свістка.
“Нёман” – “Шахцёр” 2:3 (1:0, 1:1, 0:2)
Галы:
10.25 1:0 – Баярчук (Стэфановіч)
27.38 1:1 – Белухiн (Малюцін, А.Усенка)
34.04 2:1 – Сцяпанаў (Кліменка)
50.17 2:2 – Дадонаў (Карабанаў)
52.29 2:3 – Дзямкоў (Андрушчанка, Камбовіч, – бол.)
Такім чынам “Шахцёр” перапыніў 14-матчавую пераможную серыю “Нёмана” ў чэмпіянаце, якая доўжылася з 26 кастрычніка. Варта адзначыць, што ў гэтым сезоне каманда Сяргея Пушкова не абыгрывала салігарчан. Усе 3 матчы гродзенцы прайгралі.
Нягледзячы на паразу ў Гродне “Нёман” працягвае захоўваць за сабой трэці радок у турнiрнай табліцы і мае ў актыве 61 ачко.
Наступны матч гродзенская каманда правядзе 26 снежня ў Мінску, дзе памераецца сіламі з чарговым лідарам чэмпіянату “Юнацтвам”.













