Абласны этап конкурса адбыўся ў Гродне 20 снежня. Журы абрала восем каманд , што прадставяць Гродзеншчыну ў рэспубліканскім фінале. У склад пераможцаў патрапіла і каманда школы №11  з праектам “Гродна для маленькіх турыстаў”.

Раней Hrodna.life пісаў пра канфлікт вакол праекта праз узрост аўтаркі. Гэтым разам шасцікласніца Сафія Чукічава разам са старэйшымі калегамі ўдзельнічала ў яго прэзентацыі.

Тое, што дзяўчынка “не дарасла” да ніжэйшай мяжы ўзросту ўдзельнікаў, не перашкодзіла паспяхова прэзентаваць праект. Яна прадставіла да ўвагі журы адзін з маршрутаў праекта – “Зімовая казка”. Пра яшчэ адну экскурсію, “ЭкаГродна”, распавялі дзесяцікласніца Кацярына Клепач і васьмікласнік Уладзімір Алёхін.

Сафію не забыліся. Каманда з самай малодшай удзельніцай – сярод пераможцаў “100 ідэй для Беларусі”

Разам з сертыфікатам пераможцаў і пажаданнямі перамогі на рэспубліканскім конкурсе каманда атрымала і карысныя падарункі – сэлфі-палку, паўэрбанк, навушнікі і тэрмас – якраз тое, што можа спатрэбіцца падчас экскурсій.