Польскую аўтобусную кампанію заменіць нямецкі перавозчык FlixBus, паведамляе «Польскае радыё».

Чырвоныя аўтобусы «польскага буса» зменяць колер на ярка зялёны. Аўтобусы PolskiBus падгоняць пад патрабаванні і стандарты Flixbus. З найбольш значных — гэта павелічэнне адлегласці паміж сядзеннямі і працоўны wifi нават за межамі Польшчы. А яшчэ стане даступная для карыстання сістэма браніравання Flixbus з яе магчымасцямі адмяняць / пераносіць свае квіткі, а таксама зручным мабільным дадаткам, піша vandrouki.by.

На працягу першых тыдняў наступнага года рэйсы будуць абслугоўваць аўтобусы пад брэндам PolskiBus. Затым на прыпынках з’явяцца аўтобусы з новай маркіроўкай FlixBus.

Новы ўладальнік рыхтуе іншую інтэрнэт-платформу па продажу квіткоў. Яна запрацуе прыкладна праз шэсць месяцаў. Сайт Polskibus.com спыніць сваю працу — пры спробе зайсці на яго карыстальнікі будуць перанакіраваны на польскую версію сайта Flixbus.

Маршрутаў будзе больш. А што з таннымі квіткамі?

FlixBus абяцае новыя, карысныя для пасажыраў маршруты па Польшчы і міжнародныя рэйсы. Дакладнага раскладу пакуль няма, але кажуць, маршрутная сетка павялічыцца, а Варшава, Вроцлаў і Кракаў стануць буйнымі хабамі.

Адназначнага адказу на самае галоўнае пытанне, ці знікнуць легендарныя «квіткі па 1 злотаму» пакуль няма. Flixbus аб’яўляе, што квіткі па 1 злотаму будуць захаваны, аднак практыка папярэдніх падобных зліццяў паказвае, што мінімальны магчымы кошт у Flixbus — 5 еўра.

Меншыя аўтобусныя кампаніі, якія супрацоўнічалі з кампаніяй PolskiBus, змогуць працягнуць супрацоўніцтва з новым нямецкім перавозчыкам, які, да слова, дзейнічае ў шэрагу еўрапейскіх краін, а таксама ў Злучаных Штатах Амерыкі.