«У Еўропе мы апошнія, каму трэба рабіць рэформы, — зазначыў Аляксандр Мілінкевіч. — Добрае ў гэтай сітуацыі тое, што апошнія маюць шанец пазбегнуць памылак, зробленых папярэднікамі». Каб падрыхтаваць новую эліту, неабходна адпаведная адукацыя. Канцэпцыю новай установы — Вольнага Беларускага Універсітэту — Мілінкевіч прадставіў на сустрэчы з навукоўцамі ў Гродне 17 снежня.

Два напрамкі - Расія і Захад

Новы ўніверсітэт паводле Мілінкевіча — гэта праграма дыстанцыйнага навучання, што дазволіць беларусам атрымаць еўрапейскую адукацыю і дыпломы, не з’язджаючы за мяжу.

«Сёння беларусы па акадэмічнай актыўнасці на першым месцы ў рэгіене. Зараз вучыцца за мяжой 34 360 чалавек. Большасць з іх, каля 72%, у Расіі. Тыя беларусы, што едуць вучыцца на Захад, атрымаўшы дыпломы, стараюцца застацца ў замежжы. Нават калі ў Беларусі прызнаюць іх дыпломы, заробак прапануюць значна меншы.Такім чынам, кадры «нібы рыхтуюцца, але там і застаюцца».

Будаваць будуць «зверху»

Універсітэт можа скласці альтэрнатыву абодвум існуючым напрамкам навучання за мяжой. Найперш таму, што прапануе дыстанцыйнае навучанне.

«Шыракапалосны інтэрнэт і оптавалакно ёсць нават у вёсках. Па таннасці інтэрнэта мы на 7-м месцы ў свеце. Гэта таксама аргументы на карысць праекта. Людзі могуць заставацца тут, са сваёй сям’ёй, працягваць працаваць ці вучыцца. Так больш шанцаў, што атрымаўшы веды, неабходныя для рэфармавання краіны, застануцца тут».

Чытайце яшчэ:  "Зусім не адчуваю ўзросту". Аляксандру Мілінкевічу - 70 гадоў
Зараз у праекце працуюць беларускія і польскія навукоўцы, далей магчыма пашырэнне партнёрства з іншымі еўрапейскімі краінамі. Будаваць Вольны Беларускі ўніверсітэт пачынаюць «зверху». Першымі з’явяцца праграмы паслядыпломнай адукацыі, пасля — магістарскія і толькі потым бакалаўрскія. Справа ў юрыдычных складанасцях прызнання дыстанцыйнай адукацыі. Для «ўдасканалення ведаў» такіх праблем няма.

Спецыяльнасці: кіраванне, фінансы, права

Спецыяльнасці, што прапануе Вольны Беларускі ўніверсітэт, будуць звязаныя з публічнай палітыкай, менеджментам, адміністраваннем, фінансамі, правам і эканомікай. Навучанне будзе праводзіцца на беларускай, англійскай і польскай мовах. Для кожнага прадмета будуць створаны адмысловыя навучальныя модулі з інтэрактыўнымі і гульнявымі метадамі навучання.

Грамадскімі каардынатарамі праекта сталі вядомыя ў свеце беларусы — Святлана Алексіевіч, Станіслаў Шушкевіч і Алесь Бяляцкі.

Калі ўжо?

Пакуль Вольны Беларускі Універсітэт — гэта толькі група людзей, якія яго ствараюць. Прыняць першых студэнтаў установа зможа не раней чым праз два гады.