II Еўрапейскія гульні пройдуць у 2019 годзе ў Мінску. Права правядзення прэстыжных спаборніцтваў Беларусь атрымала падчас 45-й Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якая адбылася ў кастрычніку 2016 года, піша grsu.by.

Са студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія плануюць стаць валанцёрамі спаборніцтваў, сустрэлася менеджар па працы з валанцёрамі, культурнымі і адукацыйнымі праграмамі фонда «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў - 2019» Надзея Ельсукова. Госця распавяла купалаўцам пра спаборніцтвы, якія маюць адбыцца, нюансы іх арганізацыі і правядзення.

— Каб стаць валанцёрам Еўрагульняў, неабходна зарэгістравацца на сайце www.minsk2019.by, выбраўшы накірунак валанцёрства і падаўшы адпаведную заяўку. На сайце ўжо зарэгістравалася больш за 3 тысячы чалавек у якасці валанцёраў, плануецца, што іх будзе каля 6 тысяч, — падзялілася Надзея Ельсукова. — Ёсць асаблівыя патрабаванні да валанцёраў. Сярод іх абавязковыя — валоданне хоць адной замежнай мовай, пераважна, англійскай, уменне працаваць у камандзе, браць адказнасць на сябе, высокая працаздольнасць, арганізаванасць, стрэсаўстойлівасць, наяўнасць камунікатыўных навыкаў.

Адкрыццё II Еўрагульняў адбудзецца 20 чэрвеня 2019 года, спаборніцкая частка будзе праходзіць на працягу наступных дзесяці дзён. Чакаецца, што Беларусь прыме каля 4 тысяч атлетаў, якія будуць змагацца ў 15 відах спорту. Будзе разыграна 189 камплектаў медалёў у 23 спартыўных дысцыплінах.

Некалькі відаў спорту стануць кваліфікацыйнымі да Алімпійскіх гульняў - 2020 у Токіа.