23-гадовы беларус, падарожнічаючы са сваёй 43-гадовай маці па Польшчы ў Літву, заблукаў на машыне ў Аўгустоўскай пушчы.
Жадаючы дабрацца да месца прызначэння як мага хутчэй, яны выкарыстоўвалі аўтамабільную навігацыю, якая павяла па лясных дарогах. Заблукаўшы, паспрабавалі развярнуцца, але на вузкай і пакрытай тоўстым пластом снега дарозе іх машына засела.
Жанчына патэлефанавала ў паліцыю. Праз некалькі гадзін польскія афіцэры-памежнікі знайшлі спалоханых заблукалых за некалькі кіламетраў ад названага імі месца знаходжання. Памежнікі дапамаглі выцягнуць машыну са снегу, і выратаваныя беларусы працягнулі сваё падарожжа, паведамілі ў прэс-службе Польскай памежнай службы.