З нагоды Міжнароднага дня валанцёра, які адзначаецца ў свеце 5 снежня, у Гродне сустрэліся валанцёры і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, якія працуюць з валанцёрамі.

Падчас сустрэчы прадстаўнікі грамадскіх арганізацый дзяліліся магчымасцямі валанцёрства ў рамках сваіх арганізацый. Асноўная думка, якую выказвалі ўсе падчас сустрэчы — «калі б не валанцёры, не было б і нашых арганізацый».

Да валанцёрскага руху далучыцца можа кожны. Чытайце, чым можаце заняцца ў Гродне, калі вы хочаце развівацца, у вас ёсць час і жаданне дапамагаць іншым ці дзейнічаць на карысць горада.

1.

Калі ты любіш свой горад і табе важна, каб усім тут жылося лепш — можаш далучыцца да арганізацыі ВелаГродна. Яны не толькі ладзяць марафоны і сустрэчы раварыстаў (пры іх правядзенні таксама патрэбны валанцёры), але і «лічаць роварныя стаянкі, водзяць мэра па горадзе, каб паказаць, дзе існуюць праблемы, і правяраюць, як выглядае велаінфраструктура горада».

А вядома, калі бардзюры нізкія ці ёсць роварныя дарожкі - не толькі раварыстам у горадзе жыць лепш. Больш камфортна перамяшчацца таксама людзям з інваліднасцю, маладым мамам з каляскамі ці пешаходам.

2.

Калі ты любіш дзвіжуху, арганізоўваць мерапрыемствы, камунікаваць і знаёміцца з людзьмі, развіваць у сабе здольнасці піяршчыка — табе ў тайм-кафэ «Партал». Там пастаянна праводзяцца гульнятэкі, да арганізацыі якіх ты можаш далучыцца як валанцёр. Таксама, валанцёры могуць тут займацца фотарэпартажамі ці напісаннем артыкулаў пра мерапрыемствы.

3.

Калі ты любіш слухаць доўгія расповеды, чуць пра мінулае і табе цікава камунікаваць са сталым пакаленнем людзей — далучайся да валанцёрскага клубу, які дзейнічае пры Універсітэце Залатога Веку. Клуб, паміж іншым, збірае і запісвае ўспаміны сталых людзей, а таксама ладзіць міжпакаленчыя жывыя бібліятэкі.

4.

Калі ты любіш ручныя падзелкі і працу на карысць грамадства — Гарадзенскаму дзіцячаму хоспісу пастаянна патрэбныя рукі. Яны праводзяць майстар-класы, падчас якіх удзельнікі займаюцца рукадзеллем. Тое, што ў іх атрымаецца — продаецца на аўкцыёнах на карысць цяжка хворых дзяцей. Майстар-класы праходзяць па панядзелках у 17.00 і аўторках у 18.00 па адрасе Гагарына, 18.

5.

Калі ты эксперт у смартфоне ці камп’ютары і верыш у тое, што прагрэс— нашае ўсё і без тэлефонаў далей ніяк — ты можаш адчуць сябе патрэбным ва Унівэрсітэце Залатога Веку, паказаць сталым людзям, як карыстацца смартфонам, планшэтам ці камп’ютарам. Можаш валанцёрыць пастаянна, можаш правесці адзін майстар-клас ці заняткі на нейкую асобную тэму, звязаную з камп’ютарнай тэхнікай.

6.

Калі ты хацеў бы паваланцёрыць, але марыцца іншае месца, чым Гродна, замежная арганізацыя, развіццё моўных уменняў - можна скарыстацца магчымасцю, якую дае Еўрапейская служба валантарыяту (EVS). У рамках праграмы ты можаш выехаць працаваць валанцёрам у краіну Еўразвязу на час ад 2 тыдняў да 12 месяцаў.

Калі выязджаць не хочаш, але ёсць жаданне тусіць з замежнымі валанцёрамі ў Гродне і паказваць ім нешта цікавае, дапамагаць у штодзённым жыцці, паказваць горад — можаш стаць ментарам ЕВС-валанцёра. Больш інфармацыі можна атрымаць у ГА «Цэнтр «Трэці сектар».

7.

Калі ты хочаш дзейнічаць на карысць развіцця міжкультурнасці нашага горада — цябе з радасцю прыме ў свае шэрагі праект «Кіслеў» (снежань). Ён накіраваны на арганізацыю мерапрыемства для дзяцей і моладзі ў горадзе, у тым ліку і адукацыйных.

Калі хочацца карыснай дзвіжухі: сем варыянтаў, дзе ў Гродне можна паваланцёрыць