Ужо год самая вядомая грамадская прыбіральня Гродна, якая знаходзіцца на Савецкай плошчы, зачынена на рамонт. Яна ў аварыйным стане, але рамантаваць яе ніхто не спяшаецца. Як аказалася, прыбіральня ў самым цэнтры горада пойдзе пад знос.

Грамадскі туалет на Савецкай плошчы быў пабудаваны ў канцы 40-х гадоў па праграме рэканструкцыі Гродна 1947 года. Доўгі час установа была адзінай бясплатнай публічнай прыбіральняй у цэнтры Гродна. У 2002 годзе туалет упершыню перайшоў у прыватныя рукі, але пазней зноў перайшоў гораду і цяпер знаходзіцца на балансе ЖКГ. Апошні сур’ёзны рамонт гарадскога туалета быў у 2007 годзе.

Прыбіральню-"метро" на Савецкай плошчы дэмантуюць у 2018 годзе
Так выглядала грамадская прыбіральня ў 2014 годзе
Да рэканструкцыі, калі там яшчэ расло шмат дрэў, туалет не быў такі прыкметны, але ў апошнія гады гэта ўстанова стала адной са славутасцяў горада. Туалет часта называюць яшчэ «гродзенскім метро» з-за вонкавага выгляду і вялікай літары «М», якая яшчэ нядаўна там вісела.

«На камісіі па добраўпарадкаванні, якая праходзіла ў пачатку восені ў гарвыканкаме, было вырашана, што туалет будзе дэмантаваны, бо знаходзіцца ў аварыйным стане. Аб тэрмінах зносу гаворкі яшчэ не было, але, хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца ў 2018 годзе. На сённяшні дзень туалет зачынены і трапіць у яго немагчыма», — распавёў начальнік аддзела ЖКГ па наглядзе, рамонце, будаўніцтве і складзе жыллёвага фонду ў Гродне Дзяніс Конан.

З моманту, калі пачаліся праблемы з галоўным туалетам горада, у цэнтры Гродна адкрыўся платны туалет, які знаходзіцца збоку ад Моладзевага цэнтра. Апошнім часам каля плошчы з’явіліся бясплатныя біятуалеты каля будаўнічай пляцоўкі гасцінічнага комплексу Станіслава Сямашкі.

Вядома, што ў 2018 годзе горад плануе адкрыць грамадскі туалет на стаянцы каля сінагогі. Гэта будзе вялікая кабінка, вядомая ў Еўропе як вакумны туалет.