Пастамент разам са скульптурай у два з паловай метры вышынёй і вагой амаль 10 тон прывезлі ў Гродна ноччу 5 снежня. Дастаўлялі скульптуру з Мінска спецыяльным МАЗам. Да ўстаноўкі помнік будзе знаходзіцца на тэрыторыі Сабора Усіх Беларускіх Святых.
Помнік знакамітаму кашталяну гродзенскага замка размесціцца на скрыжаванні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага. Помнік будзе складацца з дзвюх частак: пастамент і сама скульптура. Вышыня скульптупы разам з пастаментам будзе складаць 3,75 м
На стварэнне помніка ў аўтара Сяргея Аганава сышло 3,5 месяца штодзённай працы. Гарадскія ўлады планавалі, што Давыда ўсталююць ля замкаў да Дня горада ў верасні, але на той момант праца яшчэ не была гатовая. Пасля з’явілася інфармацыя, што помнік афіцыйна адкрыюць у лютым на фестываль царкоўных песнапенняў «Каложскі дабравест».
Эскіз Сяргея Аганава перамог у конкурсе праектаў. Найлепшую прапанову вызначылі ў Гродне 12 красавіка. Тады ў конкурсе ўдзельнічалі 13 прац. Грошы на помнік вылучыў мецэнат Анатоль Карабач — заснавальнік мінскай фірмы «Хорс-Мотарс», ураджэнец Краснасельскага, што пад Ваўкавыскам. Таксама помнік ствараўся пры падтрымцы Гродзенскай праваслаўнай епархіі.