Традыцыйны прабег цвярозасці пройдзе ў Гродне 1 студзеня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня клуба аматараў бегу «Ран4Фан» Аляксей Чамаданаў.
Сустракаць першы дзень новага года такім чынам стала своеасаблівай гродзенскай традыцыяй. Раніцай 1 студзеня аматары бегу і здаровага ладу жыцця збіраюцца на сцежцы здароўя ў лесапарку Пышкі, каб у вясёлай кампаніі пераадолець дыстанцыю больш чым у 4 км.
«Папулярнасць такога прабегу расце. У апошнія гады ён збіраў каля 150 удзельнікаў. Далучаюцца да яго школьнікі, студэнты, пенсіянеры, чыноўнікі аблвыканкама. Пераадольвалі дыстанцыю і госці горада, у тым ліку замежнікі», — распавёў Аляксей Чамаданаў.
Праводзіцца прабег з мэтай прыцягнуць максімальную колькасць людзей да здаровага ладу жыцця. Таксама прабег павінен стаць альтэрнатывай святочным пасядзелкам за сталом і паказаць, што Новы год можна адзначыць і з карысцю для здароўя.
Ужо пачалася рэгістрацыя на забег, у якім можа прыняць удзел любы. Абмежаванняў ніякіх, галоўнае — жаданне. Дарэчы, не абавязкова ўсю дыстанцыю пераадольваць бегам. Тыя, хто не ўпэўнены ў сваіх сілах, могуць прайсціся і хуткім крокам.
Распрацоўваецца і пытанне з ўзнагародамі: для ўсіх, хто дабег да фінішу, рыхтуюць унікальныя медалі.
Забег цвярозасці праводзіцца ў Гродне не толькі зімой. Напрыклад, у мінулым годзе яшчэ адзін прабег прайшоў у маі.