На аўтамагістралі Мінск-Гродна на 216−218 кіламетрах створаць сістэму адводу вады з прылеглых да яе сельскагаспадарчых зямель.

У гэтым годзе як ніколі з-за моцных ападкаў прыдарожныя палосы аўтадарогі апынуліся пераўвільготненымі. З’явіліся так званыя сподкі вялікіх памераў, якія знішчылі пасевы і ўскладняюць работы сельскагаспадарчай тэхнікі ААТ «Шчучынаграпрадукт», піша «Гродзенская праўда».

Высветлілася, што «сподкі» займаюць вялікую плошчу — 38,5 гектараў. Як паведаміў генеральны дырэктар АУП «Гроднамеліяводгас» Барыс Багданец, асушэнне гэтай тэрыторыі правядуць камбінаваным метадам. Будзе выкладзеная адкрытая і закрытая дрэнажная сетка паабапал аўтамагістралі. Штучнае паніжэнне вады меліяратары зробяць з дапамогай спецыяльных копанеў.

— «У выніку комплексных пошукавых работ мы вызначылі, дзе застойваецца вада, і прынялі эксклюзіўнае рашэнне, — распавядае начальнік упраўлення пошукавых работ Лілія Жэрш. — Для таго каб захаваць контурнасць палёў і магчымасць іх апрацоўваць, зробім закрытую дрэнажную сетку. Гэтая сістэма будзе накіроўваць ваду ў адзін канал і адводзіць яе з пераўвільготненай тэрыторыі ў бок».