У Лідзе каля замка ўсталююць помнік князю Гедыміну. Свае эскізныя праекты на конкурс прадставяць каля сарака скульптараў і архітэктараў, а ўсталююць скульптуру за кошт ахвяраванняў і спонсараў, піша «Гродзенская праўда».
Конкурс эскізных праектаў помніка «Заснавальнік замка — князь Гедымін» ладзіў Лідскі райвыканкам.
— Мы атрымалі сорак заявак ад прафесійных скульптараў, архітэктараў з Ліды, Гродна, Мінска, Віцебска, Магілёва, — распавядае намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк. — Далей да 15 студзеня ўдзельнікі конкурсу прадставяць нам свае эскізныя праекты, з якіх экспертная рада (камісія), у якую ўвойдуць прадстаўнікі ўлады, прафесіяналы ад мастацтва, прадстаўнікі грамадскасці, СМІ, абярэ лепшы эскіз і вызначыць пераможцу. Гэтая праца і будзе ўвасоблена.
Віктар Пранюк падкрэслівае, што сур’ёзных абмежаванняў і ўмоваў творчым людзям не ставяць: важна, каб вобраз заснавальніка Ліды адпавядаў гістарычнаму вобразу і быў намаляваны на кані.
— Гэта даніна павагі чалавеку і дзяржаўнаму дзеячу, які змог аб’яднаць шматкультурныя і шматмоўныя народы Вялікага княства Літоўскага, — падкрэслівае ён. — Ён з’яўляўся адным з самых яскравых прыкладаў мудрага кіраўніка-патрыёта, сімвалізуе справядлівасць і адзінства.
Помнік вялікаму князю літоўскаму, згодна з генеральным планам, будзе ўсталяваны ў скверы на скрыжаванні вуліц Грунвальдская і Замкавая, каля паўночнай сцяны Лідскага замка за кошт сродкаў добраахвотных ахвяраванняў грамадзян і арганізацый, спонсарскіх сродкаў.
[irp posts="8192″ name="Давыд Гарадзенскі: што ведаем насамрэч і што прыдумалі «ўдзячныя нашчадкі» пра героя, якому хочуць паставіць помнік"]
Гедымін — вялікі князь літоўскі (1316−1341), падчас кіравання якога тэрыторыя ВКЛ павялічылася ўдвая, лічыцца заснавальнікам Ліды: ў 1323 годзе ён пачаў будаўніцтва Лідскага замка, вакол якога паступова выраслі паселішчы, увёў назву Ліда ў гістарычныя хронікі. Памяць аб заснавальніку Ліды захоўваецца ў Лідскім гісторыка-культурным музеі, назве вуліц і аб’ектаў.