Зялёны лабірынт з туй з’явіўся на паляне батанічнага парка “Горні” ў Лідскім раёне. Пакуль жывая агароджа не вышэй за метр, але праз некалькі гадоў заблукаць сярод сотняў смарагдаў зможа і дарослы. Тут толькі адно правільнае выйсце і мноства тупікоў, піша “Гродзенскі Зялёны партал“.
Праект лабірынта стварылі спецыялісты інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі. За чатыры дні ў лістападзе строга па схеме супрацоўнікі Лідскага, Бердаўскага і Жырмунскага лясніцтваў высадзілі 1415 дрэў на тэрыторыі 25 на 37 метраў.
– Для таго, каб жывая агароджа выглядала адзіным цэлым і закрывала агляд ўжо з ніжніх галінак, яе неабходна стрыгчы ад 2 да 8 раз у год, – распавёў намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Лідскага лясгаса Чэслаў Борка. – Нашым лабірынтам пакуль больш цікавяцца малодшыя школьнікі, але заходняя туя смарагд у год вырастае на 20 сантыметраў і дасягае 4-6 метраў у вышыню. Праз некалькі гадоў разгадаць нашу загадку будзе цікава і дарослым. Парк “Горні” – гэта і лясны экалагічны адукацыйны цэнтр, так што акрамя квэста, мы будзем вучыць, як стварыць жывую загарадзь і даглядаць за ёй.

Лабірынт стаў часткай ляснога экалагічнага адукацыйнага цэнтра “Парк “Горні”, створанага на базе Лідскага лясгаса ў межах міжнароднага гранта Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі”. Грант лясгас атрымаў сумесна з Беларускім батанічным грамадствам.