Новы сквер закладуць увесну ў Гродне каля перасячэння вуліц Урублеўскага і Курчатава, піша «Гродзенская праўда».

Архітэктары горада даўно прыглядаліся да вялізнай пусткі плошчай каля 20 тыс. квадратных метраў. Прапаноўвалася размясціць тут спартыўныя ці гандлёвыя аб’екты, але ў выніку абралі варыянт стварэння зоны адпачынку для жыхароў гэтага раёна.

Як распавяла ландшафтны архітэктар прадпрыемства «Гродназелянбуд» Таццяна Пашкевіч, пры распрацоўцы праекта улічаныя ўжо пратаптаныя мясцовымі жыхарамі пешаходныя дарожкі. Але яны будуць абсталяваныя лаўкамі, асветленыя, адбітыя жывой загарадкай з кустоўя. Праект узгоднены з упраўленнем архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама.

У новым гарадскім скверы высадзяць больш за 230 дрэў ліставых парод. Тут будуць расці вяз шурпаты, клён чырвоны і вастралісты, ясень звычайны, а таксама хваёвыя — елка калючая і лістоўніца еўрапейская.

У будучы сквер адразу высадзяць дрэвы узростам 8−10 гадоў.

Яго ўпрыгожаць таксама больш чым 3,5 тысячамі ліставых хмызнякоў, сярод іх барбарыс Тунберга, спірэя шэрая, фарзіцыя, пузыраплоднік каліналіставы і іншыя.

У раёне чацвёртай гарадской паліклінікі на скраі сквера прадугледжана аўтапаркоўка.

У Гродне закладуць новы парк на вялізнай пустцы