Машына ператварылася ў груду металалому, а кіроўцу выратавальнікам прыйшлося літаральна выразаць з салона. Машына, у якой ехала сямейная пара, урэзалася ў слуп. Пазбегнуць ДТЗ не дапамаглі ні зімовыя шыны, ні прафесія пацярпелага — ён працуе кіроўцам. І пакуль адны сведкі здарэння, яшчэ да прыбыцця ратавальнікаў, спрабавалі аказаць дапамогу пацярпелым, іншыя патрацілі каштоўны час на эксклюзіўныя сэлф. Падрабязнасці ў сюжэце «Гродна Плюс».

— «Менавіта на тым участку было вельмі слізкае дарожнае пакрыццё. У мяне дарагая гума на машыне стаіць, я за ім пачала прытармажваць, і мяне таксама ледзь не занесла, яго ж проста закруціла. Калі яго ўдарыла аб слуп, я падбегла да яго і была ў шоку», — кажа Алеся Янчылік, відавочца здарэння.

[irp posts="40 678″ name="У Гродне хлопец на BMW стукнуўся ў слуп: ратавальнікі гадзіну даставалі кіроўцу (усе жывыя)"]

У машыне ў момант аварыі знаходзіліся два чалавекі. Мужчына 1991 года нараджэння і яго жонка, якая ехала на заднім сядзенні. Асноўны ўдар прыйшоўся на дзверы кіроўцы, якую уціснула ў салон. І перш чым медыкі змаглі аказаць дапамогу пацярпелым, мужчыну прыйшлося фактычна выразаць з машыны, прычым нельга было губляць ні хвіліны. Балазе, здарэнне адбылося прама насупраць Гродзенскага гарадскога МНС і ратавальнікі ўжо праз лічаныя секунды былі на месцы.

— «Па прыбыцці работнікаў падраздзялення было ўстаноўлена, што кіроўца аўтамабіля маркі БМВ не справіўся з кіраваннем і здзейсніў ДТЗ. Для аказання дапамогі работнікамі аддзела быў ужыты гідраўлічны аварыйна-выратавальны інструмент», — распавядае Іван Койта, начальнік Гродзенскага гарадскога аддзела па НС.

З улікам нават візуальнай цяжкасці траўмаў пацярпелага гэтую працу неабходна было выканаць максімальна хутка, ды і ювелірна дакладна, каб захаваць не толькі жыццё, але і жыццяздольнасць ног кіроўцы, якія былі заціснуты кузавам. У выніку выратавальная аперацыя заняла крыху больш за 20 хвілін, пасля чаго мужчыну перадалі медыкам, якія даставілі яго ў бальніцу хуткай дапамогі.

— «Двое пацыентаў былі дастаўлены ў нашу ўстанову. Стан аднаго з пацыентаў пакуль расцэньваецца як цяжкі. На дадзены момант ён праходзіць папярэдняе абследаванне і, хутчэй за ўсё, будзе узяты ў аперацыйную для аказання дапамогі. Другі пацыент таксама праходзіць абследаванне, стан яго расцэньваецца як сярэдняй цяжкасці, пацыенту будзе прапанавана шпіталізацыя ў нашай ўстанове з мэтай назірання», — распавёў Андрэй Вертаград, намеснік галоўнага ўрача гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі горада Гродна.

Цяпер па гэтым факце праводзіцца праверка. Інспектары ДАІ апытваюць сведак, дэталёва вывучаюць месца здарэння. Таму пакуль аб прычынах таго, што адбылося, казаць рана. Хоць як у відавочцаў, так і ў сваякоў сямейнай пары, якая пацярпела ў аварыі, свая версія ёсць.

— «Увесь час ён за рулём, ніякіх аварый ніколі не было, ніякіх праблем, стаж вялікі, ездзіць добра, без парушэнняў. Калі мы даведаліся, былі ў шоку. Вельмі слізкая дарога, з-за яе і панесла. Мы самі ехалі, і вельмі слізка», — кажа Агнешка Аблажевіч, сястра пацярпелага.

Ці было слізкае дарожнае пакрыццё адзінай прычынай аварыі, яшчэ трэба высветліць. Зараз зразумела адно — зіма з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі ўжо надыходзіць. І супрацьстаяць галалёду, нават на зімовай гуме, будучы кіроўцам з усімі катэгорыямі ў правах — складана. Як і складана зразумець абыякавасць дзясяткаў разявак, якія адразу пасля аварыі, выдаткавалі час не на дапамогу пацярпелым, а на эксклюзіўнае сэлфі.

— «Я на сустрэчку пабегла, хуткую спыняць, у гэты час і павінны былі быць гэтыя хуткія. Адзінае, што мяне забіла, ніхто не дапамагае, усе стаяць і фатаграфуюць. Я бегаю крычу «дапамажыце», а яны проста стаяць і здымаюць «, — падзялілася Алеся Янчылік, відавочца здарэння.