57-гадовы кіроўца гарадскога аўтобуса, які скокнуў з моста, ужо больш за паўмесяца знаходзіцца ў шпіталі. Лекары яго стан ацэньваюць як цяжкі. Зараз у Гродзенскім аўтапарку праводзіць праверку пракуратура. Да гэтага тут пабывалі спецыялісты Рэспубліканскага прафсаюза работнікаў транспарту і камунікацый, якія знайшлі шэраг парушэнняў, піша TUT.BY.
Нагадаем, інцыдэнт адбыўся ў Гродне 4 лістапада. Кіроўца спыніў аўтобус на Старым мосце, выйшаў з кабіны і скокнуў у Нёман. Мужчыну ўдалося выратаваць. У цяжкім стане ён быў шпіталізаваны.
Кіроўцы скардзіліся на перапрацоўкі. Праверка знайшла парушэнні
Пасля гэтага выпадку кіроўцы аўтапарка сталі скардзіцца на перапрацоўкі і маленькі заробак. Сітуацыю вывучыў Рэспубліканскі прафсаюз работнікаў транспарту і камунікацый.
У выніку маніторынгу было знойдзена шмат парушэнняў у дзейнасці аўтапарка. Напрыклад, не выконваліся ўмовы калектыўнай дамовы, парушаўся рэжым працы і адпачынку кіроўцаў, работнікі сістэматычна прыцягваліся да звышурочнай працы і працы ў выходныя дні.
— Праверка паказала, што за 2017 год у сярэднім колькасць гадзін звышурочнай працы на аднаго кіроўцу склала 39 гадзін у месяц. За 10 месяцаў перапрацоўка склала 320 гадзін пры заканадаўча дазволенай норме ў 180, — распавёў TUT.BY старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў транспарту і камунікацый Уладзімір Рынг.
Для многіх гродзенскіх кіроўцаў пазаўрочная праца стала вымушанай мерай — яна дазволіла зарабіць больш грошай. Намінальны налічаны заробака у аўтапарку за дзевяць месяцаў гэтага года склаў ў сярэднім 965 рублёў у месяц — але такой сумы ўдалося дасягнуць менавіта з-за перапрацовак. У выніку сярэдні заробак кіроўцаў выглядаў цалкам годным, але базавыя стаўкі, якія маглі б павялічыць заробкі кіроўцаў пры працы па норме, не падвышаліся.
«Недахоп кадраў як быў, так і застаўся»
Рэкамендацыі аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў галіновы прафсаюз накіраваў кіраўніцтву аўтобуснага парка. Там абяцаюць усё выправіць.
— Што цяпер у нас адбываецца? Недахоп кадраў як быў, так і застаўся, — кажа першы намеснік дырэктара Гродзенскага аўтапарка Дзмітрый Буткевіч. — Мы правялі сход з кіроўцамі. Выслухалі іх просьбы і скаргі, зараз будзем праводзіць такія ж сходы ў брыгадах, каб маніторыць сітуацыю. Усе рэкамендацыі прафсаюза будзем выконваць, а парушэнні - ліквідаваць.
Недахоп кадраў у аўтапарку і праўда, ёсць.
Праверка, якую праводзіў прафсаюз, выявіла, што фактычная колькасць кіроўцаў апынулася ніжэй за нарматыўную на 72 чалавекі. Усе яны звольніліся на працягу апошніх дзевяці месяцаў 2017 года.
Пры гэтым, кажуць у гродзенскім аўтапарку, узяць новых кіроўцаў, вядома, можна, але заробкі без перапрацовак застануцца не вельмі высокімі. Хоць яшчэ да інцыдэнту з кіроўцам, у кастрычніку 2017 года, заробкі шафёрам падымаліся. Праўда, па словах працаўнікоў парка, гэтага ўсё роўна недастаткова.
Пракуратура сваю праверку павінна скончыць да 27 лістапада. Паводле яе вынікаў будуць прынятыя рашэнні, як выправіць сітуацыю, якая склалася.
Што тычыцца Сяргея, які скокнуў з моста, то стан яго застаецца цяжкім, і лекары не могуць дакладна сказаць, калі ён палепшыцца.
— Знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні бальніцы. Выконваюцца ўсе неабходныя лячэбныя мерапрыемствы, — распавёў TUT.BY намеснік галоўнага лекара Гродзенскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай дапамогі Андрэй Ветраградаў.