Гродзенца Анатоля Мышкевіча, які сабраў больш за 250 подпісаў за добраўпарадкаванне закінутай тэрыторыі паміж дамамі, ўстаноўку дзіцячай і спартыўнай пляцовак на Індурскай шашы ў мікрараёне Вішнявец-1, 22 лістапада запрасілі на сустрэчу са старшынёй гарвыканкама Мечыславам Гоем. Кіраўнік горада паабяцаў актыўнаму гараджаніну, што ў 2018 годзе праблемны ўчастак прывядуць у парадак.
Зараз частку пустыра займаюць аўто, бо каля дамоў не хапае парковачных месцаў. Большасць жа тэрыторыі гэта проста трава, пасярэдзіне — разбітыя баскетбольныя кольцы. У дождж пустыр ператвараецца ў непраходнае балота.
«Сустрэчай у гарвыканкаме я задаволены, — распавядае Анатоль. - Толькі ўжо нешта рабіць будуць у 2018 годзе, бо ў гэтым ужо позна. На якім-небудзь з суботнікаў плануецца азеляненне ўчастка, з’явяцца лаўкі і дзіцячая пляцоўка.
Кіраўніцтва горада прапануе прыцягнуць жыхароў мікрараёна. Таксама ў гарвыканкаме паабяцалі разглядзець пытанне з парковачнымі месцамі на вуліцы".
Адкуль там наогул пустыр?
Пустыр існуе на Індурскай шашы ўжо 25 гадоў. Ва Упраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама распавялі, што калі планавалася будоўлю мікрараёна Вішнявец-1, вялікі ўчастак зямлі адвялі для будаўніцтва дзіцячага сада. Прайшло шмат год і дадатковая дашкольная ўстанова не спатрэбілася, а вялікая тэрыторыя так і засталася пуставаць.