Гродзенец Анатоль Мышкевіч сабраў больш за 250 подпісаў за ўпарадкаванне пустыра ў дварах на Індурскай шашы і за ўстаноўку там дзіцячай і спартыўнай пляцовак. Ён занёс прапанову ў гарвыканкам 8 лістапада.

Частку закінутай тэрыторыі зараз займаюць аўто, бо каля дамоў на Індурскай шашы не хапае парковачных месцаў. Большасць жа тэрыторыі гэта проста трава, пасярэдзіне — разбітыя баскетбольныя кольцы. У дождж пустыр ператвараецца ў непраходнае поле.

Гродзенец перадаў у гарвыканкам больш за 250 подпісаў за ўпарадкаванне пустыра на Вішняўцы
Анатоль Мышкевіч паказвае подпісы пад зваротам
«Я жыву на Індурскай шашы 25 гадоў і тэрыторыя пустуе ўвесь гэты час, — распавядае Анатоль. — У нас у мікрараёне няма зон адпачынку. Можна заняцца нашай тэрыторыяй, пасадзіць там дрэвы, паставіць лаўкі і ўсталяваць якую-небудзь дзiцячую i спартыўную пляцоўкi, як у новых дварах. Думаю, гэта з гарадскога бюджэту вялікіх сродкаў не пацягне».

Са словаў Анатоля, людзі ахвотна падпісваліся за добраўпарадкаванне і нармальныя пляцоўкі. У гарвыканкаме паабяцалі адказаць на зварот цягам двух тыдняў.

Гродзенец перадаў у гарвыканкам больш за 250 подпісаў за ўпарадкаванне пустыра на Вішняўцы
Двор на Індурскай шашы, дзе жыве Анатоль

Адкуль там наогул пустыр?

Ва Упраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама распавялі, што калі планавалі будоўлю мікрараёна Вішнявец-1, вялікі ўчастак зямлі на Індурскай шашы адвялі для будаўніцтва дзіцячага сада. Прайшло шмат год і дадатковая дашкольная ўстанова не спатрэбілася, а вялікая тэрыторыя так і засталася пуставаць.