У перадапошнім туры чэмпіянату Беларусi «Нёман» у суботу 18 лістапада гасцяваў у барысаўскага БАТЭ, які вядзе гонку за залатыя медалі. Матч паміж супернікамі атрымаўся складаным у якім гледачы ўбачылі шмат барацьбы. Нягледзячы на тое, што «Нёман» на працягу паловы матчу вёў у ліку, у выніку гродзенская каманда прайграла барысаўчанам 3:1.
«Нёман» першым адкрыў лік у матчы на 12-й хвіліне з дапамогай пенальці. Абаронца БАТЭ Мiлуновiч памыліўся з перадачай свайму галкіперу. Мяч перахапіў Глеб, які ўцёк на рандэву з Шчарбіцкім. Брамнік барысаўчан у выніку сфаліў і суддзя паказаў на кропку. Адзінаццаціметровы рэалізаваў Валерый Жукоўскі.
Пасля ўзяцця варот БАТЭ, гродзенцы старалiся добра абараняцца i на контратаках пагражаць суперніку. Гаспадары ў сваю чаргу шмат атакавалі, але прабіць Журава ў першым тайме ім не ўдалося.
У другой частцы матчу барысаўчане працягнулі ісці наперад і ўсё бліжэй падбіраліся да варот Журова. І на 56-й хвіліне БАТЭ здолеў усё-такі зраўняць лік у матчы. Пасля навеса ў штрафную дакладна галавой сыграў Сігневіч.
Каманда Ігара Кавалевіч спрабавала усімі сіламі дацягнуць да канца асноўнага часу нічыйны лiк, але на 78-й хвіліне, Радзівонаў, які выйшаў на замену здолеў забіць важны для БАТЭ гол і вывеў сваю каманду наперад. Але як паказаў відэазапіс, нападаючы адправіў мяч у вароты «Нёмана» з дапамогай рукі.
На 87-й хвіліне гаспадары і зусім дабілі «Нёман», зрабіўшы лiк 3:1. Дакладным ударам адзначыўся Гардзяйчук.
Такім чынам БАТЭ абыграў «Нёман» і за тур да канца чэмпіянату ўзначаліў турнірную табліцу з 67 ачкамі. «Нёман» жа апусціўся на 6-е месца і мае 46 ачкоў, але пры гэта ўсё яшчэ мае шанцы стаць чацвёртым («Дынама-Брэст» i «Тарпеда-БелАЗ» маюць па 48).
БАТЭ — «Нёман» — 3:1
Ігар Кавалевіч пасля матчу:
— Віншую БАТЭ. Улічваючы нашы цяжкасці са складам (рэд. «Неман» гуляў без Савіцкага, Рудзіка, Бебе і Савасьцьянава), мы правялі нядрэнны матч. Не хапіла сіл. Нават у гэтай гульні вымушаныя былі рабіць замены з-за пашкоджанняў. На сённяшнюю сустрэчу мы не маглі набраць склад. Футбалісты аддалі ўсе сілы на полі. Настрой у нас добры быў. На жаль, Радзівонаў нам забіў гол рукой. Згулялі так, як згулялі. Абаронцы памыляліся на роўным месцы.
Апошні тур чэмпіянату каманда Ігара Кавалевіча правядзе ў Гродне ў якім будзе прымаць чарговага лідэра чэмпіянату — салігорскі «Шахцёр». Матч пройдзе 26 лістапада.