Пасол Ізраіля ў Беларусі Алон Шогам знаходзіцца ў Гродне з двухдзённым візітам. Дыпламат у сераду 15 лістапада прэзентаваў у кінатэатры «Чырвоная зорка» фільм «Да апошняга кроку», прысвечаны падзеям яўрэйскага народа, якія адбываліся ў Заходняй Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны.

Разам з паслом у Гродна мусіў прыехаць і рэжысёр карціны Барыс Мафцыр, але ён паехаў на прэзентацыю ў іншы горад. Прэзентацыя фільма праходзіла адначасова ў шасці гарадах Беларусі і была яна прымеркавана да Дня знішчэння яўрэйскага гета ў Слоніме.

«У нас атрымалася такая магчымасць паказаць у Гродне дадзены фільм. У ім мы паказваем не толькі жах ў гета на тэрыторыі Беларусі, але і людзей, якія дапамагалі яўрэям выжыць. Гэта важна не толькі для ізраільскага народа, але і для беларускага, важна даведацца праўду, што адбылося ў час вайны і ніколі не дапусціць падобнага», — распавёў Алон Шогам.

Пасол Ізраіля прэзентаваў у Гродне фільм пра яўрэяў у Заходняй Беларусі падчас вайны
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Алон Шогам
Прэзентацыяй фільма ў Гродне візіт ізраільскага дыпламата не абмяжоўваецца. Алон Шогам плануе сустрэцца з мясцовымі яўрэйскімі бізнесменамі і прадстаўнікамі ўлады.

Даведка

Паслом Ізраіля ў Беларусі Шогам працуе з вясны 2017 года. Да прызначэння паслом дыпламат працаваў кіраўніком консульскага дэпартамента МЗС Ізраіля. Вясной 2016 года на працягу месяца Шогам знаходзіўся ў Беларусі і з’яўляўся часовым павераным у справах Ізраіля.