Філасофскія пытанні жыцця і смерці, месцы памяці і ўшанавання продкаў у Гродне — вось тэмы пятага нумара «Гарадзенскага гадавіка», прэзентацыя якога адбылася 8 лістапада ў Цэнтры гарадскога жыцця. У склад зборніка ўвайшло больш дзясятка артыкулаў гродзенскіх гісторыкаў і краязнаўцаў. На сустрэчы аўтары распавялі пра новыя гістарычныя цікавосткі, знойдзеныя ў час працы.

Пра жыццё і смерць у горадзе раскажа “Гарадзенскі гадавік -2017”
Рэдактар часопіса Юрый Гардзееў

Селядцы не дапамаглі, малітвы — так

Пра цуды ацалення і традыцыі лекавання ў 17 стагоддзі распавёў Уладзімір Ляўшук на прыкладзе «аднаго градзяніна, у якога паехаў дах». Гістарычныя крыніцы сведчаць, што лекавалі яго «звычайнымі сродкамі - селядцамі з Гданьску выпісанымі, падзялянымі папалам і прыкладзенымі да галавы і пятак». А калі тое не дапамагло, супольнасць суседзяў паабядаца адгаварыць пэўную колькасць ружанцаў да Маці Божай. «Пасля такога лекавання хворы ачуняў і стаў распавядаць, што быў у Грэцыі, бачыў мора, падымаўся да Месяца і бачыў зямлю, як яблык».

Пра жыццё і смерць у горадзе раскажа “Гарадзенскі гадавік -2017”
Уладзімір Ляўшук
Ахвотным даведацца больш варта пагартаць гадавік і знайсці адпаведны артыкул.

На даследаванні натхніў Караткевіч

Алесь Радзюк сваю працу для сёлетняга гадавіка прысвяціў кату. Па словах гісторыка, на выбар тэмы даследвання яго натхніў Уладзімір Караткевіч творам «Хрыстос прызямлўся ў Гародні». «Там вельмі каларытна вобраз чалавека напісаны. Вырашыў даследаваць па архіўных крыніцах, наколькі гэта адпавядала рэчаіснасці».

Пра жыццё і смерць у горадзе раскажа “Гарадзенскі гадавік -2017”
Алесь Радзюк
Цікаўныя ў тым, як жылі і чым займаліся гродзенскія каты, які заробак атрымлівалі і як вучылі падмасцер’яў, маюць шанец знайсці адказы на пытанні ў артыкуле Радзюка.

Што яшчэ пачытаць у гадавіку

Вялікі раздзел гадавіка прысвечаны гарадскім могілкам — ад Фарных каталіцкіх у цэнтры горада ці старых яўрэйскіх. Разгледжаны таксама пытанні сімволікі надмагілляў. Таксама зборнік утрымлівае рэцэнзіі на новыя кнігі па гісторыі Гродна.

Пра жыццё і смерць у горадзе раскажа “Гарадзенскі гадавік -2017”