Калегі кіроўцы аўтобуса, які 4 лістапада кінуўся з моста ў Нёман, рыхтуюць калектыўную скаргу ў вышэйшыя дзяржаўныя органы Беларусі. Яны адкрыта заяўляюць, што скокнуць у раку мужчыну прымусілі ўмовы працы. Афіцыйная прычына здарэння пакуль не называецца.
Кіроўцы аўтобуснага парка ў Гродне просяць праверыць іх працадаўцу і дапамагчы аднавіць справядлівасць у адносінах да супрацоўнікаў.
Нагадаем, 4 лістапада кіроўца маршрута № 21 спыніў аўтобус з пасажырамі пасярэдзіне Старога моста і скокнуў з вышыні 30 метраў у ваду. Мужчыну выратавалі, ён ачуняў у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Зараз ён у рэанімацыі, яго стан ацэньваецца як стабільна цяжкі.
Меркаванні кіроўцаў падзяліліся: тыя, каму да пенсіі засталося няшмат, будуць маўчаць, а маладыя гатовыя пра ўсё расказаць, растлумачыў Hrodna.life сітуацыю кіроўца Іван [імя зменена па просьбе героя].
«Скачок у ваду калегі ўсім нам даў штуршок сабрацца і даць адпор. Да нас дайшлі чуткі, што хочуць агучыць версію, быццам ён скокнуў у ваду з-за праблем у сям'і і аўтапарк тут ні пры чым. Учора рэкамендавалі ўсім казаць журналістам, што ён нібыта скардзіўся на праблемы ў сям'і. Але ў нас меркаванне зусім іншае на гэты конт».
З-за графіку працы «едзе дах»
Іван распавядае, што скаргу плануюць адправіць генеральнаму пракурору і ў адміністрацыю прэзідэнта. У прыкладзеных да скаргі дакументах гатовыя падпісацца некаторыя кіроўцы аўтобуснага парка.
«Праблем у нас хапае. Тыя, хто спрабаваў раней выказаць сваю незадаволенасць, ужо ў аўтобусным парку не працуюць. Шмат у каго „дах едзе“ з такім графікам працы. У нас бывае так: ты прыязджаеш у 9 гадзін вечара, пакуль памыў аўтобус, зрабіў усе справы — прыязджаеш дадому каля 11. У 12 трэба спаць, а ў 4 раніцы ўжо ўставаць на змену. І яшчэ, мы лічымся на працы не кіроўцамі аўтобусаў, а аўтамабіляў, а пасля гэтага вельмі цяжка ўладкавацца на новую працу».
Планавалі забастоўку, але спужаліся пагроз
Таксама Іван адзначае, што кіраўніцтва парку сістэматычна прымушае кіроўцаў выходзіць у свае выходныя за голы аклад без падвойнай аплаты, адгула ці дадатковага дня да адпачынку.
«За перапрацоўку мы не атрымліваем дадатковай аплаты і вымушаныя працаваць за самую нізкую стаўку без нашай згоды. Можна сказаць, калектыў знаходзіцца пад прыгнётам кіраўніцтва і пастаяннымі пагрозамі звальнення. Мы возім людзей пры жорсткіх парушэннях нашых правоў на адпачынак, наша кіраўніцтва не плаціць нам за гэта годна».
У пачатку восені некаторыя кіроўцы планавалі зладзіць забастоўку і перакрыць КПП, каб не даць аўтобусам выехаць у горад. Аб плане даведалася кіраўніцтва: завадатараў выклікалі і пагражалі звальненнем.
Hrodna.life не ўдалося атрымаць каментарый у кіраўніцтва аўтобуснага парка: тэлефон прыёмнай 6 лістапада не адказваў. Мы задамо свае пытанні дырэктару адразу пасля выходных.