Горад

Новы хостэл на 26 месцаў адкрыецца ў цэнтры Гродна ў пачатку снежня

Трэці гродзенскі хостэл адкрыецца на вуліцы Карла Маркса, 11 у камяніцы другой паловы XIX стагоддзя. «Сарматыя» — так ён называецца — зможа прыняць да 26 чалавек адначасова. Цана за месца складзе каля 10 еўра.

Уладальніца хостэла гродзенка Марыя Дзарахохава плануе адкрыць установу як толькі атрымае ўсе патрэбныя дакументы. Верагодна, гэта адбудзецца ў пачатку зімы.

Паперы патрабуюць часу

«З-за наяўнасці месца ў цэнтры Гродна ў нас з мужам і ўзнікла ідэя адкрыць хостэл. Прыйшлося доўга збіраць дакументы, — распавядае Марыя Дзарахохава. — Спачатку здавалася, што ўсё будзе нашмат хутчэй. Ідэя з’явілася ў сакавіку, мы думалі летам ужо адкрыемся. Дагэтуль чакаем дакументаў».

Пры гэтым Марыі спадабалася стаўленне старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя да развіцця малога бізнесу ў горадзе. «Ён адзначыў важнасць такіх устаноў у Гродне і даручыў падначаленым падтрымліваць у адкрыцці. Без яго было б яшчэ даўжэй і цяжэй», — кажа Марыя.

Падбаюць пра камфорт

У новым хостеле будзе некалькі пакояў з двухпавярховымі ложкамі, сталовая, прыбіральні, душавыя, а таксама стаянка на 7 месцаў, дзе змогуць паркавацца і аўтобусы.

«Да камфорту ў хостэле мы ставімся вельмі сур’ёзна, бо не раз самі начавалі ў такіх месцах у Еўропе. Ведаем пра зручнасць не па чутках. Мы ўжо купілі артапедычныя матрацы. Робім усё як для сябе».

У хостеле «Сарматыя» ў будучыні хочуць бачыць як адзіночных турыстаў, так і турыстычныя групы, а таксама спартсменаў. З апошнімі ўжо нават вяліся папярэднія размовы.

Чаму «Сарматыя»?

Марыя тлумачыць:

«Сарматыя — гэта забытая гісторыя нашых зямель. Мы ведаем пра свае землі вельмі мала, а вось пару стагоддзяў да нашай эры на тэрыторыі сучасных Заходняй Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны і аж да Нямеччыны была дзяржава Сарматыя. Сарматы — гэта народ, які складаўся з качавых іранамоўных плямёнаў. Можна сказаць гэта нашы продкі».

Створаць новыя працоўныя месцы

Зараз ідзе падбор персаналу ў новы хостэл. Там плануюць стварыць 6 працоўных месцаў: 4 адміністратары і 2 пакаёўкі. Зацікаўленыя могуць прыйсці і паразмаўляць пра працу на Карла Маркса, 11 — там знаходзіцца хостэл.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Глебу ў Гродне правераць на заражанасць баршчэўнікам

На Румлёўскім праспекце ў Гродне ўзвядуць транспартную развязку. Грунт у раёне абследуюць на заражанасць насеннем…

29 красавіка 2025

На Ласасянцы з’явяцца масткі і пляж. Там будзе парк адпачынку на Фолюшы

У мікрараёне Фолюш у Гродне ўзвядуць парк адпачынку. Яго хочуць зрабіць камфортным для моладзі і…

29 красавіка 2025

У цэнтры Гродна закрылася крама спорттавараў, якая працавала больш за 30 гадоў

Гродзенцы звярнулі ўвагу, што з будынка па вуліцы Ажэшкі, 42 знікла шыльда «Спорттавары». Instagram-акаўнт крамы…

28 красавіка 2025

Фільм на кітайскай раскажа пра Гродна і яго «інвестыцыйную прывабнасць»

Іміджавы фільм аб інвестыцыйнай прывабнасці Гродна задумалі ў гарвыканкаме. На яго выдаткуюць бюджэтныя грошы. Відэа…

28 красавіка 2025

У Гродне з’явіўся амерыканскі дэсерт — печыва з рознымі начыннямі

У Гродне пачалі прадаваць «крамбл кукіс» — амерыканскае печыва з рознымі дадаткамі і салодкімі топінгамі.…

28 красавіка 2025

Назву гурта Dzieciuki і яго сацсеткі прызналі «экстрэмісцкімі». Падобна, што «экстрэмісцкай» стала і першая беларускамоўная газета

Сацсеткі панк-гурта з Гродна Dzieciukі і сам гэты надпіс у Беларусі прызналі "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Паводле фармулёўкі…

27 красавіка 2025