Кіроўца Honda CR-V, едучы па вуліцы Давыда Гарадзенскага 1 лістапада каля 2.30, не спыніўся на загад супрацоўніка ДАІ і спрабаваў уцякчы. Па манеры руху аўто інспектары адразу вызначылі, што кіроўца быў п’яны, паведамляе ДАІ Гродзенскага аблвыканкама.
Пагоня працягнулася па вуліцы Маставой, Старым мосце, вуліцы Гарнавых і скончылася на Гагарына. На скрыжаванні з вуліцай Мiра кіроўца не справіўся з кіраваннем, выехаў за праезную частку, збіў ліхтар і стукнуўся ў агароджу школы. Па збегу абставін збіты слуп зваліўся на службовую машыну, якая там спынілася — ён пашкодзіў заднюю левую стойку і задняе шкло. Honda атрымала сур’ёзныя тэхнічныя пашкоджанні.
Кіроўцам апынуўся 32-гадовы мясцовы жыхар. Раней ён неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за перавышэнне хуткасці руху і літаральна месяц таму скончыўся тэрмін пазбаўлення яго правоў кіроўцы за такія парушэнні.
Медыцынскі агляд пацвердзіў, што парушальнік быў п’яны. Дапушчальная колькасць алкаголю з крыві была перавышана больш чым у 5 разоў. Сам жа кіроўца аўтамабіля раней распавёў Hrodna.life што быў цвярозы і патрапіў у ДТЗ з-за слізкай дарогі.
Зараз яму пагражае пазбаўленне права кіравання да 5 гадоў і штраф да 2300 рублёў.
На транспартны сродак накладзены арышт, аўтамабіль змешчаны на штраф-стаянку да выплаты штрафу і кампенсацыі нанесенай шкоды. Па шчаслівай выпадковасці кіроўца ў ДТЗ цялесных пашкоджанняў не атрымаў.