Расчыстку згарэўшага даха былога піўзавода пачалі 30 кастрычніка рабочыя УЖРЭП Ленінскага раёна. Да канца 2017 года над будынкам павінен з’явіцца новы дах.
Будаўніцтва новага даху павінна заняць два месяцы. Каркас яго будзе драўляны, пакрыццё — з шыферу або металічных лістоў.
На былым піўзаводзе з’явяцца і ахоўнік, які будзе сачыць, каб на тэрыторыю не маглі трапіць выпадковыя людзі. Таксама плануецца дадатковае начное асвятленне будынкаў.
Нагадаем, дах галоўнага будынка былога піўзавода цалкам згарэў у час буйнага пажару 21 мая 2017 года. Верагодна, будынак падпалілі. На тэрыторыю вельмі лёгка мог патрапіць кожны, там часта бадзяліся падлеткі. Варта адзначыць, што пажар здарыўся за некалькі дзён да таго, як комплекс былога бровара меў быць выстаўлены на аўкцыён.
Даведка
Гродзенскі піўзавод закрыўся ў 2007 годзе. У 2010 годзе яго набыла фірма СТАА «Экапрамэнерга». Пазней комплекс быў перададзены іншым фірмам, створаным тымі ж уласнікамі. Інвестары абяцалі стварыць у былым піўзаводзе бізнесовы і адпачынкавы цэнтр, але адзінае што зрабілі - вывезлі большасць металу з тэрыторыі.
У лютым 2017 года піўзавод праз суд быў перададзены ў камунальную ўласнасць гарвыканкама. Зараз будынак на балансе УЖРЭП Ленінскага раёна Гродна. Ён мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Раней піўзавод быў палацам Агінскіх і Сапегаў. Гэта не толькі выдатны помнік прамысловай архітэктуры, але і адзін з настарэйшых захаваных будынкаў у горадзе.