Палацавы комплекс 18-га стагоддзя па вуліцы Ажэшкі 20 у чарговы раз выстаўлены на аўкцыён. Таргі пройдуць у Гродне 20 лістапада. Пачатковая цана — 2,3 млн рублёў або каля 1,2 млн долараў. У пэўных колах ужо ходзяць чуткі, што на гістарычны будынак знайшоўся пакупнік — кітайскі інвестар.

Палац у цэнтры Гродна знаходзіцца ў закінутым стане з 2014 года. Апошні яго ўласнік — ваенная камендатура — з’ехала ў вайсковую частку на Вішнявец. З таго часу гарадскія ўлады так і не прыдумалі, што рабіць з палацам. У выніку было прынята рашэнне прадаць яго прыватнаму інвестару. Апошнія таргі ў верасні гэтага года прайшлі няўдала.

[irp posts="35 412″ name="Гатэль, музей або аддаць тытунёвай фабрыцы. Што зрабіць з палацам Чацвярцінскіх у парку Жылібера?"]

Чарговыя таргі, якія адбудуцца 20 лістапада, абяцаюць быць паспяховымі. Палац могуць набыць кітайскія інвестары. Пра гэта Hrodna.life распавёў мясцовы бізнесовец Тэры Лiао з Кiтая, які чуў аб продажы старога палаца яшчэ ўлетку. У гарвыканкаме аб продажы гістарычнай каштоўнасці ў цэнтры горада кітайцам Hrodna.life пакуль нічога не распавялі.

Адрэстаўраваць за чатыры гады

Па ўмовах таргоў новы ўласнік палаца можа рэканструяваць яго пад аб’ект адміністрацыйнага або культурна-асветніцкага прызначэння. Пераможца таргоў павінен падпісаць ахоўнае абавязацельства на нерухомую гісторыка-культурную каштоўнасць, а на працягу наступных чатырох гадоў - правесці капітальны рамонт палаца і ўвесці яго ў эксплуатацыю. Акрамя самога палаца з усімі прылеглымі будынкамі і будынкамі агульнай плошчай 2,5 тыс.кв.м пераможца таргоў таксама атрымае права арэнды зямельнага ўчастка плошчай каля 89 сотак на 50 гадоў.

У выпадку продажу палаца кітайскім інвестарам, ёсць верагоднасць, што з яго зробяць гасцінічны комплекс.

Даведка

Палац пачаткова будаваўся ў 1770-я гады як медыцынская акадэмія. Пасля апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падарыў будынак князям Чацвярцінскім. З сярэдзіны XIX стагоддзя князі частку палаца здавалі ў арэнду паштова-тэлеграфнай канторы, а пазней — інтэрнату Другога армейскага корпуса і ўпраўленню павятовага вайсковага начальніка. Амаль да самага пачатку Другой сусветнай вайны шэраг памяшканняў выкарыстоўваўся пад здымныя кватэры. У адной з такіх кватэр у 1890 г. нарадзіўся вядомы польскі археолаг і нумізмат, заснавальнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юзаф Ядкоўскі. Амаль адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны палацавы комплекс быў перададзены ваеннаму суду і камэндатуры Гродна, дзе яны і размяшчаліся да 2014 года.