Гродна на адныя суткі стане цэнтрам полек ды кадрыляў. Першыя ў Беларусі дзень і ноч традыцыйных танцаў у міжнародным фармаце зладзяць 11−12 лістапада ў сядзібе «Райскі куток» у Зарыцы.

Удзень — майстар-класы, ноччу — танцы

«Імпрэза будзе складацца з дзвюх частак: дня і ночы. Удзень адбудуцца майстар-класы па польскіх, літоўскіх і беларускіх танцах, у тым ліку, уласцівых для гродзенскага і памежных рэгіёнаў. Іх правядуць выкладчыкі з Польшчы, Літвы і Мінска, — расказаў суарганізатар сацыяльнага праекта „Танцы Гарадзенскіх Дворыкаў“ Андрэй Бароўскі. — Ноччу ўдзельнікі змогуць папрактыкаваць атрыманыя навыкі ды прытупнуць абцасам на сапраўднай традыцыйнай вечарыне. Цягам усёй ночы для танцораў будуць граць капэлы з Вільні, Рыгі, Беластока, Мінска, Полацка і Гродна».

[irp posts="37 560″ name="Летнія танцы працягнуцца восенню. Пад Гродна пройдзе першая ноч танцаў"]

Цікава і дасведчаным, і навічкам

Прыняць удзел у сустрэчы можа кожны ахвотны, незалежна ад узросту (дзяцей запрашаем разам з бацькамі), нацыянальнасці або танцавальнага досведу. Цікавосткі чакаюць як тых, хто мае харэаграфічную падрыхтоўку, так і тых, хто ўвогуле ніколі не танчыў. Асноўныя крокі і рухі навічкам пакажуць «з нуля».

youtu.be/TDeirtyJ5Ek

Удзельнікі навучацца танчыць падыспань, кракавяк, кадрылі, вальсы, «Лысага», «Нарэчанку», «Акуліну» і, канешне, польку, якая толькі падаецца простай, але мае процьму сваіх разыначак. Музыкі запрошаных капэлаў зайграюць на дудзе, дудцы, скрыпках, гармоніку, акардэоне, кларнеце, дыатанічных цымбалах, барабанах.

Няма партнёра? Знойдуць на месцы

Апрануць можна сваё звычайнае адзенне, але вітаюцца і аўтэнтычныя народныя строі. Пажадана, каб дзяўчаты і жанчыны былі ў спадніцах або сукенках, а хлопцы і мужчыны — у доўгіх штанах, кашулях і ботах. Не абавязкова прыязджаць са сваёй парай — партнёры знойдуцца на месцы.

Закруцім пад зорамі: у Гродне пройдзе міжнародная ноч традыцыйных танцаў

Можна прыехаць асобна на майстар-класы або толькі на ноч танцаў. Не забараняецца заставацца гледачом. Хто стоміцца танчыць да ранку, можа пераночыць на месцы.

[irp posts="33 633″ name="Танчылі брэйк і бачату. У Гродне прайшоў танцавальны флэшмоб"]

Рэгіструйся загадзя!

Дзейнічае папярэдняя рэгістрацыя да 7 лістапада. Чакаецца, што на імпрэзу збярэцца каля ста чалавек.

Ладзіць імпрэзу сацыяльны праект «Танцы Гарадзенскіх Дворыкаў».


Суарганізатары праекта «Танцы Гарадзенскіх Дворыкаў»

Андрэй Бароўскі, Аляксандр Жура, Андрэй Шыдла

Спасылка на форму рэгістрацыі

Спасылка на праграму сустрэчы

Інфармацыя пра капэлы і выкладчыкаў па танцах

Гаспадар сядзібы «Райскі куток» Ігар Гайдук

+37 529 6 293 394; +37 529 5 883 444

haiduk.by

Гродзенскі раён, в.Зарыца

53°45'57.7"N 23°50'48.2"E

Спасылка на мапу даезду

Мы ў сацыяльных сетках:

vk.com/tancy_dworykau

vk.com/event154627636

facebook.com/events/298 930 150 592 986

ok.ru/tancydworykau