Hrodna.life працягвае шукаць у Гродне старыя надпісы, якія захаваліся з часоў Другой сусветнай вайны. Аказваецца, акрамя дастаткова вядомых, у горадзе ёсць і іншыя, якія даволі складана заўважыць.
Такi ж надпіс «GEORE», як і на дамах па вуліцы Студэнцкай, 3 і 3а, можна знайсці і на старым будынку па вуліцы Леніна, 23а. Што азначае надпіс, ніхто з мясцовых не ведае, многія яго нават ніколі не заўважалі. Галоўнае адрозненне ад дамоў па вуліцы Студэнцкай — іншы нумар. На Леніна поўны надпіс выглядае як «GEORE 1429».
Пенсіянер Аляксандр Фрыдрыхсан займаецца гісторыяй гродзенскай архітэктуры шмат гадоў. У тым, што надпісы на дамах па вуліцы Студэнцкай і Леніна захаваліся з часоў Другой сусветнай вайны, ён не сумняваецца і мяркуе, што яны наносіліся для таго, каб пасля разбурэння дамы можна было аднавіць.Літоўская мова? Нумары тэлефонаў?
Сябар Hrodna.life нямецкі журналіст Бернд Адам таксама паспрабаваў праз сваіх калегаў, якія займаюцца германістыкай, даведацца крыху больш пра старыя надпісы ў Гродне. Адна са здагадак сучасных немцаў - у слове «GEORE» прапушчаны якія-небудзь літары. Таксама магчыма, што надпісы зусім не на нямецкай мове, а, напрыклад, на літоўскай. Або наогул гэта нумары тэлефонаў служачых, якія там жылі.
Версія краязнаўцы Аляксандра Семянчука выглядае больш праўдападобнай. Аляксандр лічыць, што надпісы азначалi, што будынак давялі да ладу для пражывання немцаў. GE— GEbaude — будынак, OR-ORdnung — парадак.
Працяг будзе.