Дах будынка піўзавода, які цалкам згарэў у час буйнога пажара 21 мая, плануюць аднавіць да канца 2017 года, паведамляе БелТА са спасылкай на Гродзенскі гарвыканкам. Пры гэтым дах мае адпавядаць стылю пабудовы — быць такім, як у часы будаўніцтва бровара.

Будаваць новы дах пачнуць пасля сканчэння праектных прац і правядзення экспертызы. Працы павінны ісці хутка, каб зменшых уплыў ападкаў на стан будынка.

Піўзавод пасля аднаўлення даху мае быць нанова прапанаваны інвестарам.

[irp posts="22 839″ name="Пажар на гродзенскім піўзаводзе: сумны канец слаўнай гісторыі?"]

Закінуты будынак гродзенскага піўзавода загарэўся 21 мая каля 16.00. За дзве гадзіны, пакуль пажарныя не затушылі агонь, дах згарэў цалкам. Верагодна, будынак падпалілі. На тэрыторыю вельмі лёгка мог патрапіць кожны, там часта бадзяліся падлеткі.

Пажар здарыўся за некалькі дзён да таго, як комплекс былога бровара меў быць выстаўлены на аўкцыён.

[irp posts="33 162″ name="Фотафакт: На згарэўшым піўзаводзе павесілі рэкламу супраць пажараў"]

Гродзенскі піўзавод закрыўся ў 2007 годзе. У 2010 годзе яго набыла фірма СТАА «Экапрамэнерга». Пазней комплекс быў перададзены іншым фірмам, створаным тымі ж уласнікамі. Інвестары абяцалі стварыць у былым піўзаводзе бізнесовы і адпачынкавы цэнтр, але адзінае што зрабілі - вывезлі большасць металу з тэрыторыі.

У лютым 2017 года піўзавод праз суд быў перададзены ў камунальную ўласнасць гарвыканкама. Зараз будынак на балансе УЖРЭП Ленінскага раёна Гродна. Ён мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.


Раней піўзавод быў палацам Агінскіх і Сапегаў. Гэта не толькі выдатны помнік прамысловай архітэктуры, але і адзін з настарэйшых захаваных будынкаў у горадзе.