«Кнігу славы горада Гродна» выдалі ў выдавецтве «ЮрСаПрынт». У ёй распавядаецца пра больш чым 50 людзей, якія праславілі горад у савецкi і паслясавецкі час. Кніга з’явілася дзякуючы дапамозе буйных прадпрыемстваў і арганізацый горада.

Наклад «Кнігі славы горада Гродна» — 150 асобнікаў. Яе атрымаюць школьныя і ўніверсітэцкія бібліятэкі, архівы, музеі і асабіста героі кнігі ці іх сваякі.

«Гэта ўжо другі даведнік з біяграфіямі і бібліяграфіямі людзей, якіх унеслі ў „Кнігу славы горада Гродна“ з 1968 па 2016 год. Першы падобны даведнік выйшаў у сакавіку гэтага года і быў прысвечаны ганаровым грамадзянам Гродна. Даведнік падрыхтавалі спецыялісты Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя Макаёнка. Яны працавалі ў музеях, архівах, з самімі героямі кнігі і іх сваякамі», — распавяла намеснік дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Гродна Наталля Свірыда.

Пачаткова, да 2007 года, «Кніга славы горада Гродна» мела назву «Кніга народнай славы». Усяго з 1968 па 2016 год у кнігу ўнеслі імёны 53 чалавек.

У 2017 годзе ў «Кнігу славы горада Гродна» унеслі яшчэ тры імёны: ветэрана ВАВ Антаніны Забнiнскай, генеральнага дырэктара ААТ «Молочный мир» Марыны Анікеевай і старшынi агульнага сходу ўдзельнікаў СТАА «Контэ Спа» Валянціна Байко.