За гэтыя грошы будуць адрэстаўраваныя былы будынак архіву ў Гродне і камяніца ў цэнтры Саколкі, а два гарады злучыць «Шлях Тызенгаўза». Грошы вылучаць з праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна», якая фінансуецца Еўрасаюзам.
Праект «Шляхам Тызенгаўза — стварэнне турыстычнага маршрута для прасоўвання гістарычнай і культурнай спадчыны Саколкі і Гродна» будзе каштаваць агулам 2,2 млн еўра. Большую частку — 1,9 млн еўра — выдзеліць праграма трансгранічнага супрацоўніцтва, паведамляе isokolka.eu. Праект мае рэалізавацца ў 2018−2019 гадах.
У Гродне будзе адноўлены будынак на плошчы Тызенгаўза, дзе раней знаходзіўся нацыянальны архіў. Там з’явяцца канферэнц-зал і галерэя. Будаўнічыя працы павінны пачацца ўжо летам, паведамляе tvgrodno.by.
Падобны цэнтр з’явіцца і ў Саколцы. Там адрамантуюць камяніцу па вуліцы Пілсудскага, 1. Там з’явіцца выставачна-канферэнцыйная зала, адукацыйна-рамесныя майстэрні, зала прысвечаная асобе Антонія Тызенгаўза і яго эпосе, а таксама адміністрацыйныя памяшканні.
Таксама ў межах праекта паміж гарадамі будзе пазначаны роварны маршрут, у абедзвюх мясцовасцях пабудуюць пешыя маршруты, устулююць «лавачкі Тызенгаўза», а пункт турыстычнай інфармацыі ў Саколцы атрымае сучаснае мультымедыйнае абсталяванне.Гарады закупяць веласіпеды, у тым электрычныя, велапаркоўкі, інструменты для рамонту веласіпедаў, каскі і камізэлькі для раварыстаў. Іх можна будзе ўзяць напракат у турыстычных цэнтрах. Таксама будзе распрацаваная стратэгія развіцця трансгранічнага турызму.
Па інфармацыі tvgrodno.by, у абодвух гарадах з’явяцца кавярні «Гродна» і «Саколка».
«Думаю, што Гродна пашанцавала. Нам выдумляць не трэба. У нас гістарычна склалася, што ў нас маса цікавых рэчаў», — сказаў Сяргей Каляда, каардынатар праекта з беларускага боку.
Пакуль праект рэстаўрацыі былога архіва чакае падпісання кантракта і ўзгаднення з мясцовымі ўладамі.
Агулам у тэме «Спадчына» было пададзена 352 заяўкі, у другі этап прайшлі 162 з іх, з чаго аўтары 146 праектаў даслалі неябходныя удакладненні. Конкурсная камісія вырашыла прафінансаваць 17 праектаў на агульную суму 33,25 млн еўра. Беларускія партнёры ўдзельнічаюць у 7 праектах.